Зяленскі заклікаў Чырвоны Крыж тэрмінова далучыцца да ратавальнай апэрацыі на акупаванай частцы Херсоншчыны

Эвакуацыя жыхароў Херсону. 7 чэрвеня 2023 году

Зьнішчэньне дамбы Кахоўскай ГЭС істотна зьмяніла геаграфію і рэльеф прыфрантавога ўчастку Херсоншчыны на поўдні Ўкраіны.

Ва ўрадавым каардынацыйным штабе Ўкраіны па ліквідацыі наступстваў зьнішчэньня Кахоўскай дамбы паведамілі, што з падкантрольных падтопленых тэрыторый змаглі эвакуаваць 1995 грамадзян, у тым ліку 103 дзіцяці.

Паводле папярэдніх ацэнак, на правым беразе Дняпра, які кантралююць украінскія ўлады, падтоплена 20 населеных пунктаў і 2629 дамоў.

Аб ахвярах пакуль не паведамляюць. Вядома, што сытуацыя на левым беразе Дняпра, які кантралююць расейскія акупацыйныя ўлады, найгоршая. Там некалькі населеных пунктаў цалкам апынуліся пад вадой, а людзі ратуюцца на дахах.

Расейскія акупацыйныя ўлады паведамляюць, што нібыта займаюцца эвакуацыяй людзей, але мясцовыя грамадзяне Ўкраіны перадаюць сваякам, што ім патрэбна дапамога. Мясцовыя валянтэры спрабуюць дапамагчы тым, хто знаходзіцца пад акупацыяй, але расейцы не прапускаюць іх у падтопленыя вёскі.

Херсон, 7 чэрвеня 2023 году

Украінскі ўрадавы каардынацыйны штаб паведаміў, што ўдалося ўратаваць 334 чалавекі, у тым ліку 15 дзяцей. Паводле ўкраінскіх крыніц, у акупаваным Расеяй горадзе Алешкі, які затоплены на 90%, загінулі як мінімум трое цывільных. Аднак спраўдзіць гэтую інфармацыю немагчыма, расейскія СМІ не паведамляюць аб ахвярах па захопленай расейскімі войскамі тэрыторыях Украіны.

Урадавыя крыніцы Ўкраіны апублікавалі відэазапіс з вайсковага дрона, як удалося ўратаваць сям’ю з Алешак — спачатку ім з дрона перадалі ваду, а потым эвакуавалі на падкантрольную тэрыторыю. Праўда, не ўдакладняюць, як гэта ўдалося зрабіць.

Як на Херсоншчыне ратуюць людзей і жывёл ад паводкі пасьля разбурэньня дамбы Кахоўскай ГЭС. ФОТА

Украіна заклікала міжнародныя арганізацыі далучыцца да ратаваньня людзей

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што цяпер немагчыма вызначыць, колькі людзей могуць загінуць на акупаванай частцы Херсонскай вобласьці.

«Нашыя вайскоўцы і спэцслужбы настолькі, наколькі гэта магчыма, нягледзячы на абстрэлы, ратуюць людзей. Але патрэбны маштабныя высілкі. Трэба, каб міжнародныя арганізацыі, такія як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, тэрмінова далучыліся да выратавальнай апэрацыі і дапамаглі людзям менавіта на акупаванай частцы Херсоншчыны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Валянтэры ратуюць людзей і жывёлаў. Херсон, 7 чэрвеня 2023

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што кожны загінулы грамадзянін на захопленай Расеяй тэрыторыі будзе выракам міжнароднай сыстэме гуманітарных арганізацый, які «развучыліся ратаваць людзей».

«Калі цяпер міжнароднай арганізацыі няма ў зоне гэтай катастрофы, значыць, яе няма ўвогуле, значыць, што яны няздольная», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.

Расейскія СМІ са спасылкай на акупацыйныя ўлады Кахоўкі паведамілі, што ў горадзе загінулі пяць грамадзян і яшчэ 71 шпіталізавалі.

У некалькіх раёнах Днепрапятроўскай вобласьці дэфіцыт пітной вады

Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі, што праз крытычнае падзеньне ўзроўню вады ў Кахоўскім вадасховішчы ў Нікапальскім раёне не стае пітной вады.

«Спыніліся два водаканалы», — паведамілі ўлады. Яны заклікалі людзей эканоміць ваду.

Нікапальскі раён знаходзіцца пад штодзённымі ўдарамі расейскіх войскаў. У ноч на 8 чэрвеня яны абстралялі з артылерыі некалькі грамад раёну. Аб наступствах пакуль нічога невядома.

У Крывароскім раёне вобласьці пачаўся маштабны мор рыбы.

Генштаб Украіны: расейцы ўцякаюць з паўднёвых пазыцый, прыкрываючыся цывільнымі

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што на херсонскім кірунку расейцы працягваюць наносіць авіяцыйныя ўдары. Пад абстрэлы трапілі часткова затопленыя і падтопленыя населеныя пункты — Бярыслаў, Вясёлае, Токараўка, Садовае, Белазёрка і Херсон.

Паводле зьвестак украінскага штабу, расейцы ў выніку зьнішчэньня дамбы Кахоўскай ГЭС страцілі частку сваёй жывой сілы і тэхнікі.

«У той жа час 6 чэрвеня адбылася масавая эвакуацыя цывільнага насельніцтва з Кахоўкі, падчас якой людзі выкарыстоўвалі свой уласны транспарт. Разам з цывільнымі эвакуацыйнымі маршрутамі скарысталіся і расейскія акупанты. У часе свайго перамяшчэньня захопнікі выкарыстоўвалі мясцовых жыхароў у якасьці жывога шчыта», — адзначылі ў Генштабе Ўкраіны.

Ва Ўкраіне зьнізілі магутнасьць усіх ГЭС, каб паменшыць нагрузку на Кахоўскае вадасховішчаНацыянальная энэргетычная кампанія «Укренерго» паведаміла аб зьніжэньні магутнасьці вытворчасьці электрычнасьці на ўсіх гідраэлектрастанцыях, разьмешчаных на Дняпры вышэй Кахоўскага вадасховішча, каб зьменшыць на яго нагрузку.Апроч таго, таксама абмежавалі падачу электраэнэргіі 20 тысячам спажыўцоў у Херсонскай вобласьці.

Увечары 7 чэрвеня для збалансаваньня энэргетычнага рынку Украіна вымушана была скарыстацца аварыйнай дапамогай з энэргасыстэмы Румыніі. Увечары Ўкраіны не ажыцьцяўляла ні імпарту, ні экспарту са сваёй энэргасыстэмы.Энэргетыкі заклікалі грамадзян зьменшыць выкарыстаньне энэргіі ўвечары і ў пікавыя гадзіны.

Інстытут вывучэньня вайны: зьнішчэньне дамбы істотна зьмяніла сытуацыю на фронце

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што разбурэньне дамбы істотна зьмяняе геаграфію і рэльеф прыфрантавога ўчастка Херсоншчыны на поўдні Ўкраіны.

«Паводка разбурыла шмат расейскіх палявых умацаваньняў першай лініі, якія расейцы зьбіраліся выкарыстоўваць для абароны ад украінскага наступу. Хуткае падтапленьне, імаверна, вымусіла расейскіх вайскоўцаў адступіць разам з вайсковай тэхнікай у асноўных пунктах іхных пазыцый — Алешках і Голай Прыстані. Расейскія войскі раней выкарыстоўвалі гэтыя пазыцыі для абстрэлу Херсону і іншых населеных пунктаў на заходнім (правым беразе) горада», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчэньне Кахоўскай дамбы: вэрсіі і наступствы для экалёгіі, энэргетыкі і эканомікі Ўкраіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.