Міністэрства юстыцыі адмовілася разглядаць пытаньне аб перарэгістрацыі беларускай партыі «Зялёныя», якая падала дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў 31 траўня.
Неўзабаве пасьля гэтага партыя атрымала адказ з подпісам намесьніка міністра Алега Ката, у напісана, што пакет дакумэнтаў няпоўны, паведаміла BPN у самой партыі.
Чыноўнік у лісьце напісаў, што па працэдуры для перарэгістрацыі патрэбны заява старшыні партыі, дапаўненьні ў статут, пацьвярджэньне наяўнасьці юрыдычнага адрасу, а таксама зьвесткі аб колькасьці чальцоў партыі і іх сьпіс. Ён зрабіў выснову, што «належным чынам аформленыя дакумэнты не пададзеныя».
У БПЗ адзначылі, што такі адказ быў чаканы. Партыя мае намер прапанаваць Савету Міністраў самастойна разглядзець гэтае пытаньне і абавязаць Міністэрства юстыцыі прыняць рашэньне аб перарэгістрацыі.
БПЗ пайшла на перарэгістрацыю, каб не прымаць рашэньне аб самаліквідацыі, а сьпісы сябраў не падавалі, бо гэта супярэчыць нормам заканадаўства.
Апроч «Зялёных», дакумэнты на перарэгістрацыю ў бязь сьпісу сябраў падалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет».
Пятага чэрвеня прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП (Грамада), Партыі БНФ і БПЗ заклікалі спыніць дзеяньне новага закону «Аб палітычных партыях» за неадпаведнасьць дакумэнта Канстытуцыі.
Сёлета 25 студзеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаньнях прынялі законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў». 14 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон. На працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу ўсе партыі, якія існуюць, павінны прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
Праваабаронцы і шэраг прадстаўнікоў апазыцыйных сіл нэгатыўна расцанілі папраўкі ў закон аб партыях. Яны канстатавалі, што яго прыняцьце пакіне ў Беларусі толькі праўладныя палітычныя структуры.
Колькасьць палітычных партый у Беларусі пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з 15 «да трох-чатырох», мяркуе міністар юстыцыі Сяргей Хаменка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пераходзім да аднапартыйнай сыстэмы». Лідэры апазыцыйных партый расказалі, што будзе зь імі ў новых умовах