Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў час візыту ў Вену сустрэлася зь міністрам замежных спраў Аляксандрам Шаленбэргам. Яна перадала яму справаздачу НАУ аб датычнасьці Аляксандра Лукашэнкі і прадпрыемстваў, зьвязаных зь «Беларуськаліем», да вывазу ўкраінскіх дзяцей, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай:
«Міністар прапанаваў перадаць доказы ў Міжнародны крымінальны суд для правядзеньня расьсьледаваньня», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-канала Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская правяла перамовы ў Вене з прэзыдэнтам Аўстрыі. Пра што дамовілісяМенавіта Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і Ўпаўнаважанай у правах дзіцяці пры прэзыдэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай.
Асобна падчас сустрэчы Ціханаўскай і Шаленбэрга абмяркоўвалася разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Ціханоўская настойвала на тым, што гэта недапушчальна, а большасьць беларусаў разумее, што разьмяшчэньне зброі цалкам незаконнае і можа прывесьці да поўнай страты незалежнасьці.
Таксама гаворка ішла пра новы пакет санкцыяў Эўразьвяза. Было прапанавана папоўніць санкцыйныя сьпісы імёнамі судзьдзяў, пракурораў і сілавікоў, якія маюць дачыненьне да рэпрэсій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі яшчэ 23 чалавекі, якіх асудзілі за абразу Лукашэнкі і сілавікоў