Пра гэта каналу Свабода Premium расказвае прэс-сакратар ByPol Аляксандар Кабанаў. Прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў пракамэнтаваў таксама заяву старшыні КДБ, які выступіў з прапановай аб кампрамісе да «апанэнтаў, якія апынуліся за мяжой».
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Ён расказвае, што пра першы выпадак ByPol даведаўся некалькі тыдняў таму. У арганізацыю зьвярнулася асоба, якую не ўпусьцілі ў Беларусь, нягледзячы на беларускае грамадзянства і ўсе неабходныя дакумэнты. Празь некалькі дзён з падобнай гісторыяй зьвярнуўся іншы чалавек. Адна з асобаў, якой не дазволілі вярнуцца, паводле Кабанава, выяжджала ў Літву «на закупы».
«Гэтым людзям не тлумачылі прычынаў, чаму іх не пускаюць. А самі яны кепска ідуць на кантакт і ня вельмі хочуць, каб мы адкрыта казалі, дзе гэта было і пры якіх абставінах. Нават будучы за мяжой, яны баяцца, магчыма, за сваякоў і сяброў», — кажа Кабанаў.
Паводле прэс-сакратара ByPol, гэтыя выпадкі на мяжы могуць быць зьвязаныя з тым, што рэжым у Беларусі занепакоены магчымым пранікненьнем у краіну дывэрсантаў.
«Думаю, што на гэта моцна паўплывала сытуацыя ў Белгарадзкай вобласьці, і ня толькі. Для сілавікоў гэта нечаканая сытуацыя, бо начальства ім даводзіла, што Расея пераможа. Яны баяцца, таму нават усталявалі ў Гомельскай вобласьці нейкія вожыкі або „зубы дракона“ на дарогах, стаяць блёк-пасты. Таму яны баяцца, што з-за мяжы ўедуць „экстрэмісты“», — кажа Аляксандар Кабанаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ не анэксія, ужо не незалежнасьць. Лукашэнку перастаюць успрымаць як прэзыдэнта нават саюзьнікі