Навіны палітвязьняў: актывіста анархісцкага руху Францкевіча зноў накіравалі ў ШЫЗА

Аляксандар Франкевіч, архіўнае фота

Станам на 5 чэрвеня 2023 году беларускія праваабаронцы «Вясны» прызналі палітычнымі зьняволенымі 1513 чалавек. Паводле іншых праваабарончых ініцыятыў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Палітвязьня Аляксандра Францкевіча зноў адправілі ў ШЫЗА, паведамляе «Вясна».

Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня», асуджаны на 16 гадоў і 9 месяцаў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адбываць тэрмін палітвязьня накіравалі ў Івацэвіцкую калёнію № 5.

Праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру прызначылі яшчэ 10 дзён у ШЫЗА — ён будзе знаходзіцца там да 15 чэрвеня. Раней Францкевіч быў там у сакавіку і красавіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Францкевіча ў калёніі месяц трымалі ў ШЫЗА

Што вядома пра ўмовы ў карцары, ШЫЗА і ПКТ

Дзе існуюць карцары, а дзе ШЫЗА

У карцар вязьня могуць зьмясьціць толькі ў сьледчым ізалятары, дзе ўтрымліваюць тых, хто яшчэ не асуджаны альбо хто атрымаў прысуд і чакае адказу на апэляцыю (арыштант, адносна якога прысуд не ўступіў у сілу, фармальна ня лічыцца злачынцам).

У калёніі асуджанага вязьня могуць пакараць за нейкае парушэньне зьмяшчэньнем у ШЫЗА (штрафны ізалятар) альбо адправіць у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). Туды на працяглы час, нават на некалькі месяцаў, трапляюць тыя вязьні, хто раней ужо быў пакараны штрафным ізалятарам, але, паводле адміністрацыі, «ня стаў на шлях выпраўленьня».

Чым розьняцца ўмовы ў карцары і ШЫЗА

У адрозьненьне ад карцара ў ШЫЗА на ноч не выдаюць матраца, коўдры і падушкі, там вязень сьпіць на голых дошках. Таксама ў штрафным ізалятары, у адрозьненьне ад ПКТ і карцара, дзе дазволена гадзінная прагулка, на сьвежае паветра не выводзяць.

Лісты вязьням ШЫЗА і карцара не прыносяць, кнігі, газэты таксама пад забаронай, не працуе нават радыё. ПКТ такое абмежаваньне не датычыць.

Што аднолькава ў ШЫЗА і карцары

Умовы побыту ў ШЫЗА і ў карцары сьледчага ізалятара амаль аднолькавыя. Ложкі не стаяць на падлозе, а прычапляюцца ўдзень да сьцяны, як у цягніку, і адкладаюцца толькі на ноч. Адзеньне, якое прымушаюць насіць вязьняў, пакараных карцарам ці ШЫЗА, таксама фактычна аднолькавае: чорныя штаны, куртка без каўняра, шлёпанцы на нагах. Толькі ўзімку дазваляюць паддзяваць пад куртку майку з даўгімі рукавамі, а ў іншы час толькі з кароткімі.

З асабістых рэчаў арыштанту ў штрафным ізалятары і вязьню ў карцары дазволеныя ручнік, кавалак мыла, рулён туалетнай паперы, зубная шчотка і паста.Мінімальнае абсталяваньне камэр — таксама аднолькавае ў ШЫЗА і карцары: жалезная палічка на некалькі ячэек, кароткі столік і вузкая лаўка пры ім. Ножкі стала і лаўкі прымацаваныя да падлогі.

Акрамя дзяжурнага, які рэгулярна зазірае ў «вочка», каб спраўдзіць, ці выконвае вязень распарадак, усе рухі зьняволенага ў ШЫЗА і карцары адсочвае і відэакамэра. Калі арыштант сядзе ці ляжа на падлогу, яму выставяць рапарт ці прызначаць новае пакараньне.