Акцыя пачалася апоўдні паводле польскага часу.
«Сёньня ўсе людзі добрай волі ў Польшчы пойдуць да перамогі. Мы тут, каб уся Польшча, увесь сьвет бачылі, якія мы моцныя. Нішто ня спыніць гэтую хвалю», — заявіў на пачатку маршу лідэр «Грамадзянскай плятформы» Дональд Туск.
«Грамадзянская плятформа» (PO) — найбуйнейшая з партый, апазыцыйных да кіроўнай правай партыі «Закон і справядлівасьць» (PiS).
Дэманстрацыі адбываюцца і ў іншых буйных гарадах, напрыклад у Кракаве і Шчэціне.
На маршы ў Варшаве прагучалі параўнаньні з сытуацыяй у Беларусі. Кіраўнік Беластоку Тадэвуш Трускаляскі заявіў, што «беларускі мэнталітэт» дабраўся да большасьці дэпутатаў Сэйму і найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Ён заклікаў не дазволіць ператварыць Польшчу ў Беларусь і далей падтрымліваць дэмакратычныя каштоўнасьці.
Тыдзень таму прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон, які стварае камісію, якая мае вялікія паўнамоцтвы. Згодна з праектам акту, які ў Польшчы называюць «lex Tusk», дзеяньні камісіі накіраваны на выкрыцьцё «дзяржаўных службовых асоб або вышэйшага кіроўнага пэрсаналу, якія ў 2007–2022 гадах дзейнічалі на шкоду інтарэсам Рэспублікі Польшча пад уплывам Расеі».
Аўтары акту адзначаюць, што ён у першую чаргу мае на мэце гарантаваць унутраную бясьпеку Польшчы.
PiS неаднаразова абвінавачвала лідэра PO Туска ў супрацоўніцтве з Крамлём. Аднак крытыкі партыі ўлады лічаць, што дзеяньні PiS, да якой належыць і прэзыдэнт Дуда, вядуць Польшчу па «расейскім шляху» змаганьня зь нязгоднымі і здушэньня палітычных апанэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы заклікаў «уцягнуць Украіну і Беларусь у арбіты эўрапейскіх структур» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы пайшоў на саступкі пасьля крытыкі падпісанага ім закону аб неправамерным уплыве Расеі