Міністэрства ўнутраных справаў 30 траўня прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» групу грамадзянаў, зьвязаных з тэлеграм-каналам «97% Серебрянка», сьведчыць абноўлены пералік на сайце МУС.
Суд Ленінскага раёна Менска прызнаў кантэнт гэтага канала «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ 13 ліпеня 2021 года. Цяпер на яго падпісана каля 560 чалавек, але ніводнага паведамленьня не апублікавана. У апісаньні гаворыцца, што гэта група для жыхароў Серабранкі (мікрараён на паўднёвым усходзе Менска), створаная для абмеркаваньня падзей у Беларусі і «абмену меркаваньнямі і навінамі».
Сёлета ў сярэдзіне сакавіка стала вядома, што ГУБАЗіК затрымаў 26-гадовага ўраджэнца Рагачова Арцёма Караткевіча, якому інкрымінуюць адміністраваньне згаданага канала. Некалькі гадоў таму малады чалавек пераехаў у Менск, да затрыманьня працаваў афіцыянтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» чайлдфры-суполкі. Раней гэтую ідэалёгію асудзіў Лукашэнка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» жартоўную музычную кампазыцыю «Ах, Бандеро!»