Канцэнтрацыя расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі апошнім часам зьнізілася, заявіў падчас тэлемаратону 3 чэрвеня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.
Паводле яго слоў, сілы абароны «максымальна ўмацавалі ўсе напрамкі, каб не дапусьціць хоць бы якога паўторнага ўварваньня» з боку Беларусі і «прадухіліць любыя правакацыі».
«Расея на гэты момант ня мае дастаткова сіл на тэрыторыі Беларусі, колькасьць расейскіх вайскоўцаў цяпер там вельмі нязначная, — цытуе прадстаўніка ДПСУ „Суспільне“. — Яшчэ некалькі месяцаў таму колькасьць расейскіх вайскоўцаў магла там дасягаць 10–11 тысяч чалавек. Але мы мусім быць гатовыя да разьвіцьця любых сытуацый».
Дземчанка канстатаваў, што памежнікі не фіксуюць на мяжы з Беларусьсю якія-небудзь «нестандартныя моманты». Не назіраецца таксама перамяшчэньне тэхнікі ці дадатковых сіл.
«Вядома, Беларусь трымае пэўныя падразьдзяленьні ў напрамку граніцы, але на пэўнай адлегласьці, яны называюць гэта „пэўным узмацненьнем“. Сытуацыя застаецца цалкам кантраляванай», — падкрэсьліў ён.
Напярэдадні Міністэрства абароны паведаміла пра тое, што ў рамках ратацыі расейскага складу рэгіянальнай групоўкі войскаў у Беларусь «камбінаваным спосабам» прыбываюць асабовы склад, узбраеньне і тэхніка «агульнавайсковых і танкавых злучэньняў». Таксама было заяўлена пра дастаўку з РФ «чарговага камплекта зэнітнага ракетнага комплексу С-400».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ не анэксія, ужо не незалежнасьць. Лукашэнку перастаюць успрымаць як прэзыдэнта нават саюзьнікіУ траўні камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў заяўляў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца да 2,5 тыс. расейскіх вайскоўцаў ды 25 адзінак авіятэхнікі — 13 самалётаў Су-34, Су-30СМ і Су-24МР, а таксама 12 верталётаў Мі-8, Мі-24 і Мі-28Н.
- 24 лютага 2022 года Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Улады ў Менску пастаянна адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
- Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў расейскай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы РФ, але «нікога не забіваючы».
- Летась у ліпені Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
- Сёлета 11 красавіка першы намесьнік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што на пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах «з беларускай мяжы ўварваліся» на тэрыторыю Кіеўскай вобласьці. На пачатку красавіка 2022-га захопнікі былі адтуль выгнаныя.