Літва чакае затораў на мяжы зь Беларусьсю праз увядзеньне Польшчай забароны на ўезд беларускіх і расейскіх грузавікоў

Пункт пропуску «Каменны лог» на мяжы Беларусі і Літвы

Забарона на ўезд у Польшчу грузавікоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі і РФ, якая набыла сілу 1 чэрвеня, можа прывесьці да затораў і чэргаў на літоўска-беларускай мяжы.

Пра гэта заявіў генэральны сакратар Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў Linava Зянонас Буйвідас, паведамляе тэлерадыёкампанія LRT.

На думку Буйвідаса, літоўскім перавозчыкам і іх замежным партнэрам трэба быць «гатовымі да павелічэньня чэргаў на мяжы», а «крызісная сытуацыя лютага» можа паўтарыцца. 16 лютага Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла Беларусі аб спыненьні ўзаемадзеяньня зь яе памежным і мытным ведамствамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кампаніі і так страцілі частку рынку». Што значыць для Беларусі закрыцьцё мяжы для фур з боку Польшчы

На думку прэзыдэнта Асацыяцыі лягістыкі Літвы Антанаса Шымеліса, лякальныя забароны неэфэктыўныя, а ўвядзеньне аналягічнай забароны Літвой не перашкодзіць беларускім і расейскім таварам трапіць у Эўропу, «калі мэта абмежаваньняў палягае ў перадухіленьні менавіта гэтага». «Я ня думаю, што закрыцьцё мяжы прывядзе да крытычнага павелічэньня патоку грузавікоў у напрамку Літвы», — заявіў Шымеліс.

«Калі забаронім мы, ёсьць Турэччына, іншыя краіны, празь якія так ці інакш будзе ісьці гандлёвы абарот. Чаго ж мы спрабуем дамагчыся? Адзіныя правілы павінны дзейнічаць паўсюль», — выказаў меркаваньне Шымеліс.

Міністар транспарту і камунікацый Літвы Марус Скуодзіс зазначыў, што такая забарона ў Літве немагчымая бо з-пад санкцыяў ЭЗ выключаны «калінінградзкі транзыт».

«Пагадненьні ЭЗ прадугледжваюць транзыт грузаў празь Літву ў Калінінград», — нагадаў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі агучыла прэтэнзіі да Польшчы

З 1 чэрвеня Польшча забараніла перасячэньне мяжы грузавікам, прычэпам і паўпрычэпам, зарэгістраваным у Беларусі і Расеі. Адпаведную пастанову падпісаў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі. Дакумэнт будзе дзейнічаць да «асаблівага распараджэньня».

Сёлета ў лютым на знак пратэсту супраць прысуду актывісту польскай меншасьці Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі.

У адказ 17 лютага беларускі ўрад абмежаваў уезд польскім грузавым аўтамабілям і цягачам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад увядзеньнем санкцыяў Польшча тройчы прапаноўвала Лукашэнку пагадненьне — той адмовіўся