Вынікі першага цэнтралізаванага экзамэну ўжо пералічылі паводле новай мэтодыкі, вынікі другога ЦЭ таксама будуць разьлічаныя паводле гэтай жа мэтодыкі, іх можна будзе даведацца ў наступны панядзелак. Пра гэта паведаміў міністар адукацыі Андрэй Іванец, піша БелТА:
«Вынікі праверкі паказалі, што памылак няма, у тым ліку і ў мэтодыцы разьліку тэставых балаў. Разам з тым па колькасьці зваротаў, якія да нас паступілі ад грамадзян, стала відавочна, што мэтодыка занадта складаная...
Ужо сёньня будуць пералічаныя вынікі першага цэнтралізаванага экзамэну і сёньня ж разьмешчаныя на сайце РІКВ, а таксама ў асабістых кабінэтах абітурыентаў», — сказаў Андрэй Іванец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал на «адзіным экзамэне»: Абітурыенты і бацькі патрабуюць пералічыць балы. Што адбываеццаЁн адзначыў, што разам з вынікамі цэнтралізаванага экзамэну — як першага, так і другога — апублікуюць табліцы пераводу першасных балаў у тэставыя, па якіх кожны абітурыент і кожны выпускнік зможа пераправерыць правільнасьць разьліку сваіх вынікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зноў «нахамуталі». Чаму Лукашэнка раскрытыкаваў Міністэрства адукацыі«Усім абітурыентам, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні, варта таксама разумець, што ўмовы правядзеньня і ЦЭ, і ЦТ будуць абсалютна ідэнтычныя. Гэта тычыцца як складанасьці тэставых заданьняў, якія цалкам адпавядаюць школьнай праграме, так і разьліку тэставых балаў, — сказаў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
На думку міністра, гэта важна, таму што трэба стварыць роўныя, зразумелыя, справядлівыя ўмовы як для ўсіх выпускнікоў гэтага году, так і для выпускнікоў мінулых гадоў, якія сёлета будуць мець магчымасьць здаць тры цэнтралізаваныя тэсты для паступленьня ва ўнівэрсытэты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады стварылі камісію для праверкі вынікаў цэнтралізаванага экзамэнуШто адбылося
Сёлета выпускнікі школ здавалі так званы «цэнтралізаваны экзамэн» — ён адначасова і выпускны, і ўступны ў ВНУ, яго вынікі можна падаваць пры паступленьні. У мінулыя гады выпускнікі здавалі выпускныя экзамэны ў школе, а пасьля цэнтралізаванае тэставаньне для паступленьня.
На сёлетнім экзамэне працавала наступная схема: за кожнае правільнае ці часткова правільнае заданьне выпускніку налічваюцца 1 ці 2 першасныя балы. Затым сума першасных балаў пераводзіцца ў канчатковы тэставы бал. Напрыклад, у тэсьце было 80 заданьняў, і калі ўсе яны правільныя, то можна было атрымаць 100 балаў. Усе падлікі робяцца паводле формулы, якой Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў не публікуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэалягічны кантроль становіцца стрыжнем адукацыі. Адзіная альтэрнатыва для выпускнікоў — вучыцца за мяжой, — Сьвятлана МацкевічАднак абітурыенты зьдзівіліся вынікам сваіх тэстаў: у некаторых пры двух часткова правільных адказах атрымаўся канчатковы вынік тэсту на 86 балаў са 100.
«У дачкі было два сходы, дзе спрабавалі патлумачыць, як гэта будзе праходзіць. На рэпэтыцыйным экзамэне ўсе ўжо нібыта зразумелі лёгіку. І тут адбываецца сам экзамэн, і высьвятляецца, што сыстэма падліку зусім іншая. Гэтай хвалі абурэньня можна было пазьбегнуць, каб не сьпяшаліся, паспрабавалі гэта ўсё пратэставаць, зрабілі б рэпэтыцыю сёлета, а на наступны год ужо правялі», — расказаў адзін з суразмоўцаў Свабоды.
Напрыклад, у тэсьце па расейскай мове 80 заданьняў. Сыстэма падліку, на задуму чыноўнікаў, мусіла працаваць наступным чынам: калі ў абітурыента ад 0 да 75 правільных адказаў, то ў канчатковыя балы па 100-бальнай шкале гэта так і пераводзіцца: калі набраў 65, то будзе 65, калі 75, то 75. Апошнія ж 5 заданьняў лічацца ўжо паводле прагрэсіўнай схемы, правільныя адказы на іх даюць болей балаў, і канчатковы вынік можа дасягаць 100 балаў. Праблема ў тым, што пра такую сыстэму падліку выпускнікі даведаліся толькі пасьля агучваньня вынікаў.
Сёлета на выдатны вынік у 100 балаў здало нашмат больш выпускнікоў, чым у мінулыя гады, па беларускай мове выдатны вынік набралі 413 чалавек (летась на ЦТ — 67 чалавек), па расейскай — 482 (летась на ЦТ — 43 чалавекі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першыя месяцы рабіла зь імі ўсе ўрокі». Як дзеці беларускіх палітуцекачоў вучацца ў польскай школе, расказвае маці дзьвюх дачок