Прэсавы сакратар ААН Стэфан Дзюжарык заявіў, што спыненьне збожжавай ініцыятывы будзе мець нэгатыўныя наступствы для глябальнага рынку харчаваньня.
Супольны каардынацыйны цэнтар (СКЦ) у Стамбуле (Турэччына) абвясьціў аб немагчымасьці стварэньня інспэкцыйнага пляну з 1 чэрвеня праз адмову расейскай дэлегацыі рэгістраваць уваходны флёт для ўдзелу ў перавозцы збожжа.
Як паведаміла Міністэрства разьвіцьця грамад, тэрыторыяў і інфраструктуры Ўкраіны, ужо ў апошнія некалькі дзён траўня Расея зарэгістравала толькі адно судна, хоць іншыя бакі заявілі 10 караблёў на тры парты.
«У чарзе на інспэкцыю ў тэрытарыяльных водах Турэччыны чакаюць 50 караблёў, на якія мусяць загрузіць 2,4 мільёна тон харчу для сьвету. Гэта амаль удвая большы аб’ём, чым экспартавалі ў траўні. Некаторыя караблі чакаюць інспэкцыі больш за тры месяцы», — адзначылі ва ўкраінскім міністэрстве.
Украіна накіравала ліст у сакратарыят СКЦ з патрабаваньнем аднавіць паўнавартасную працу паводле патрабаваньняў працэдуры.
«Спадзяёмся, што партнэры па ініцыятыве ўсё ж знойдуць рашэньне і спыняць гэты шантаж Расеяй усяго сьвету», — адзначылі ва Ўкраіне.
Прэсавы сакратар ААН Стэфан Дзюжарык заявіў, што спыненьне збожжавай ініцыятывы будзе мець нэгатыўныя наступствы для глябальнага рынку харчаваньня.
«Сытуацыя склалася надзвычай сур’ёзная», — сказаў ён на брыфінгу 1 чэрвеня.
Паводле яго, Расея праінфармавала, што будзе абмяжоўваць рэгістрацыю, пакуль ня зможа аднавіць пастаўкі сваіх аміячных угнаеньняў.
Прэсавы сакратар ААН заклікаў прадоўжыць ініцыятыву і пасьля 17 ліпеня (да гэтай даты мінулым разам прадоўжылі дзеяньне адпаведных пагадненьняў. — РС). Стэфан Дзюжарык заявіў, што глябальных ачагоў голаду становіцца ўсё больш, а цэны на харч працягваюць павялічвацца ва ўсіх краінах.
«Сакратарыят ААН перадаў практычныя прапановы ўсім бакам на стратэгічным і апэратыўным узроўнях з улікам глябальных пераваг ініцыятывы», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Збожжавае пагадненьне падоўжылі на 2 месяцы. Расея да апошняга не пагаджалася17 траўня збожжавае пагадненьне, якое прадугледжвае вываз харчу з партоў Украіны, падоўжылі на два месяцы да 17 ліпеня.
Ужо тады Расея патрабавала для падоўжаньня ініцыятывы выканаць шэраг яе моў, сярод якіх перападключэньне да сыстэмы SWIFT Расейскага сельскагаспадарчага банка, узнаўленьне паставак у Расею замежнай сельскагаспадарчай тэхнікі, разблякаваньне замежных актываў расейскіх кампаній, зьвязаных з вытворчасьцю, адмена абмежаваньняў на страхаваньне і доступ у парты для расейскіх суднаў і грузаў, узнаўленьне працы аміякаправоду Тальяці — Адэса.
Пагадненьне, вядомае як Чарнаморская збожжавая ініцыятыва, Расея і Ўкраіна заключылі пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны ў ліпені 2022 году. Яно прадугледжвае мэханізм вывазу з украінскіх партоў збожжа і іншых харчовых тавараў. Тэрмін дзеяньня пагадненьня мусіў скончыцца 18 сакавіка.
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году да ліпеня парты Украіны былі цалкам заблякаваныя. ААН і многія краіны заяўлялі, што блякада экспарту прадуктаў харчаваньня з краіны можа прывесьці да глябальных наступстваў, аж да голаду ў самых бедных краінах.
Украінскі бок паведаміў, што за 10 месяцаў дзейнасьці ініцыятывы Ўкраіна экспартавала больш як 30,5 мільёна тон прадукцыі ўкраінскіх аграрыяў. Ва Ўкраіне лічаць, што праз сабатаж Расеі, якая цягам апошніх сямі месяцаў пэрыядычна блякуе працу, сьвет недаатрымаў мінімум 20 мільёнаў тон харчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея празь Беларусь паведаміла Ўкраіне аб падаўжэньні збожжавай угоды