Брат зьняволенага журналіста Сяргея Сацука расказаў «Народнай волі» пра апошнія навіны ад асуджанага на восем гадоў Сяргея.
Сяргея Сацука затрымалі 8 сьнежня 2021 года. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «атрыманьне хабару» (арт. 430), «распальваньне варожасьці» (арт. 130), «перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426).
У выніку Сяргея Сацука асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакараньне Сяргей у калёніі № 15 г. Магілёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У зьняволенага журналіста Сацука, які пісаў пра карупцыю і спрачаўся з Лукашэнкам, пагоршылася здароўеТаксама журналісту прызначылі штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12 384 руб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў вырак журналісту Сацуку бязь зьменаўСяргея Сацука перавялі на лёгкую працу, пра гэта ён паведаміў у лісьце брату Аляксандру Сацуку:
«У Сяргея ёсьць сур’ёзныя захворваньні, але, тым ня менш, спачатку яго прызначылі на цяжкую працу, як абсалютна здаровага чалавека. Цяпер я дакладна ня ведаю, якую работу выконвае Сяргей, але ўсё-такі не мэталалом цягае», — зазначыў брат.
Паведамляе таксама, што апошнім часам «крыху лягчэй стала з сэрцам», хаця прыступы ўсё роўна здараюцца практычна кожны дзень:
«У гэтым месяцы жонка Сяргея разьлічвае на доўгатэрміновае спатканьне, калі нічога не зьменіцца. Яно заплянаванае і, будзем спадзявацца, адбудзецца. А вось тэлефонны званок чамусьці адмянілі, не далі брату патэлефанаваць на гэтым тыдні», — расказаў Аляксандар Сацук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: Палітзьняволеная Аксана Зарэцкая была ў коме