З 25 траўня ў Менскім гарадзкім судзе разглядаюць справу Дзьмітрыя Гудзеева. Яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 290-5 КК («Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасьці такой арганізацыі») і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»). Працэс вядзе Натальля Бугук. У чым канкрэтна абвінавачваюць Гудзеева, невядома.
Дзьмітрыю 21 год і, мяркуючы па яго сацсетках, у мінулым траўні ён скончыў тэрміновую службу ў вайсковай частцы 3214 у Менску, паведамляюць праваабаронцы. У траўні хлопца дадалі ў «тэрарыстычны спіс» КДБ. Яму пагражае ад 8 да 12 гадоў калёніі.
«Вясна» з спасылкай на крыніцы піша, што падчас грубага затрыманьня Дзьмітрыя моцна пабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 чэрвеня: «хатнюю хімію» прысудзілі аўтарцы казак; затрымалі сэмінарыста; старонку Ціханоўскай прызналі «экстрэмісцкай»Навукоўцу прысудзілі 3,5 года калёніі
Менскі гарадзкі суд абвясьціў прысуд навуковаму супрацоўніку Інстытуту генэтыкі і цыталёгіі Нацыянальнай акадэміі навук РБ, прафсаюзнаму актывісту Аляксандру Кандрацюку. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 («Распальваньне сацыяльнай варожасьці альбо звады»), арт. 368 («Абраза прэзыдэнта») і ч. 1 арт. 369 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Актывіста затрымалі разам зь некалькімі супрацоўнікамі Інстытуту генэтыкі і цыталёгіі НАН Рэспублікі Беларусь 5 верасьня 2022 году. Ён атрымаў 13 сутак адміністрацыйнага арышту, але на волю больш ня выйшаў. Да суду Кандрацюка ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА № 1 у Менску.
У выніку судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч прызначыла Касьцюкевічу 3,5 года калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманым сэмінарыстамЧарговы суд за «агентурную дзейнасьць» і «шпіянаж»
14 чэрвеня ў Берасьцейскім абласным судзе будуць разглядаць справу Томаша Бярозы, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць») і арт. 358 («Шпіянаж»). Працэс будзе весьці судзьдзя Сяргей Беразюк. Праваабаронцы адзначаюць, што ў раскладзе суду няма імя па бацьку Томаша, пэўна, гэта зьвязана з тым, што ён паляк.
Вядома, што Томаш з 2014 году займаўся ў Белаазёрску рытуальнымі паслугамі — ён рабіў надмагільныя помнікі. Згодна з інфармацыяй з адкрытых крыніц, яго бізнэс быў афіцыйна зьліквідаваны 16 траўня.
За пратэставыя паведамленьні ў тэлеграм-чаце «Фаніпаль» мужчыну асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі»
У судзе Дзяржынскага раёна асудзілі Аляксея Цюшкевіча паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Судзьдзя Тацьцяна Фядчук прызначыла Аляксею 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімі/»).
Мужчыну затрымалі сёлета ў студзені. Яго абвінавацілі ў тым, што ён, зьяўляючыся актыўным удзельнікам тэлеграм-чату «Фаніпаль», 11-12 жніўня 2020 года пісаў у ім паведамленьні з заклікамі браць удзел у пратэставых акцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцу са Жлобіна прысудзілі 2 месяцы гаўптвахты за ўдзел у пратэстах 2020-га