Украінскія ўлады пацьвердзілі, што ўкраінскія дзеці і ваеннапалонныя былі гвалтоўна перасунутыя праз тэрыторыю Беларусі пры ўдзеле ўладаў гэтай краіны.
Пра гэта падчас брыфінгу заявіў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец, паведамляе агенцтва Укрінфарм.
«У нас ёсьць пацьверджаньне таго, што ўкраінскія дзеці, цывільныя закладнікі і ваеннапалонныя былі гвалтоўна перасунутыя праз тэрыторыю Беларусі пры непасрэдным удзеле беларускіх уладаў», — сказаў ён.
- У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзяцей Марыі Бяловай — ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
- З таго часу беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць даказаць удзел рэжыму Лукашэнкі ў такім жа самым злачынстве, каб прыцягнуць яго да адказнасьці. У пачатку траўня «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» на сустрэчах з кіраўніцтвам Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту прадставіла справаздачу аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Паводле кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, дакумэнт зьмяшчае «больш за 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў».