Улады прызналі «экстрэмісцкімі» старонкі ў сацсетках Валерыя і Веранікі Цапкалаў

Вераніка і Валер Цапкалы падчас выбарчай кампаніі 2020 году. Архіўнае фота.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 23 траўня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт старонак былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валерыя Цапкалы ў сацыяльных сетках «Аднаклясьнікі», «Інстаграм» і «УКантакце», пра гэта сьведчыць абноўлены пералік на сайце Міністэрства інфармацыі.

Аналягічнае рашэньне прынятае і наконт старонкі яго жонкі Веранікі Цапкала ў «Інстаграме», на якую падпісана 25,6 тыс. карыстальнікаў.

7 красавіка 2023 года Менскі абласны суд завочна прыгаварыў Валерыя Цапкалу да 17 гадоў пазбаўленьня волі. Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго пераехала жонка і дзеці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эфэкт праўдападобнасьці. Як Цапкала Лукашэнку «пахаваў»

Паводле сьпісу на сайце Мінінфарма, 25 траўня суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт гурта FaceOFF у сацсетцы «УКантакце» (896 удзельнікаў) і яго музычныя творы «Пора!!», «Стражи галактики», «Ненависть» і «Весна».

Характэрна, што ў пераліку двойчы згадваецца нейкі «суд Барысаўскага раёна Менска» (паколькі ў сталіцы такога раёна няма, гаворка, верагодна, пра суд Барысаўскага раёна Мінскай вобласьці). Гэты суд 26 траўня палічыў «экстрэмісцкім» зьмест тэлеграм-чатаў «Chat ОСВОБОЖДЕНИЕ БЕЛАРУСИ» (11 удзельнікаў), «Широкая» (39), «Правые беседы» (не існуе), груп «Взрыватель пуканов» (158) ва «УКантакце», а таксама «Фэйсбуку» — «Досыць бояцца!» (3.200), «Солидарность с Хартия-97» (31.000), «Август2020» і «Вольны Беларус» (недаступныя).

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска 26 траўня прыняў аналягічнае рашэньне па кантэнту тэлеграм-чата «Чат Московский 74 да 1-6» (37).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» чайлдфры-суполкі. Раней гэтую ідэалёгію асудзіў Лукашэнка