Пра гэта паведаміў міністар адукацыі Андрэй Іванец.
«Мы стварылі міжведамасную рабочую групу, якая складаецца з матэматыкаў, інфарматыкаў, спэцыялістаў у галіне статыстычнай апрацоўкі вынікаў, нашых лепшых навуковых устаноў ня толькі вышэйшай адукацыі, але і Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы, іншых спэцыялістаў, якія ў найкарацейшыя тэрміны правядуць комплексную праверку карэктнасьці разьлікаў, — цытуе міністра Zerkalo, — выкананых Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў (РІКВ). Гэта дазволіць нам пераканацца ў тым, што скаргі людзей, якія да нас зьвяртаюцца, маюць пад сабой глебу. У выпадку выяўленьня памылак Міністэрствам адукацыі будуць прыняты ўсе неабходныя меры па іх ліквідацыі».
Раней міністар адукацыі Андрэй Іванец назваў фэйкамі заявы аб несправядлівай ацэнцы ведаў, паказаных выпускнікамі школ на першым цэнтралізаваным экзамэне (ЦЭ) па расейскай (беларускай) мове, які здаваўся 14 траўня.
29 траўня са спасылкай на чытачоў СМІ паведамілі аб заніжэньні балаў; у некаторых выпадках было перавышэньне максымальна магчымых 100 балаў.
Гэта выклікала абурэньне школьнікаў і іхных бацькоў, якія пачалі тэлефанаваць у міністэрства і Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) — асабістыя кабінэты знаходзяцца на яго сайце.
Удзень 29 траўня дырэктар РІКВ Юры Міксюк у камэнтары дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА паведаміў, што скрыншоты з вынікамі, вышэйшымі за 100 балаў за тэст, або дробавымі значэньнямі — фэйкавыя, аднак «тэхнічны стан сыстэмы адлюстраваньня вынікаў ЦЭ на сайце РІКВ будзе яшчэ раз правераны».
Сыстэма правядзеньня цэнтралізаванага экзамэну і падліку балаў павінна быць звычайнай і зразумелай, сказаў Аляксандар Лукашэнка 30 траўня:
«Цэлую бучу паднялі пасьля адзінага цэнтралізаванага экзамэну. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на кампутары. Каму гэта трэба? Па-мойму, мы паступалі: ведаеш — тройка, вельмі добра ведаеш — чацьвёрка, вельмі-вельмі добра — выдатна. А тут нейкія балы на кампутары вылічвалі», — сказаў Лукашэнка.