Зноў «нахамуталі». Чаму Лукашэнка раскрытыкаваў Міністэрства адукацыі

Лукашэнка наведвае школьнікаў. Архіўнае, ілюстрацыйнае фота.

Загадаўшы праверыць арганізацыю цэнтралізаванага экзамэну (ЦЭ), Лукашэнка імкнецца вярнуць грамадзкую падтрымку, страчаную тры гады таму. Утрымліваць уладу толькі з дапамогай грубай сілы, сядзець на штыках яму яўна некамфортна.

Сьцісла:

  • Створаны прэцэдэнт, калі ўпершыню з 2020 году ў канфлікце грамадзян і цэлага міністэрства менавіта апошняе вымушана апраўдвацца.
  • Лукашэнка імкнецца намацаць болевыя пункты, каб займець грамадзкую падтрымку.
  • Улада гатовая ісьці на саступкі народнай думцы выключна ў сацыяльных, бытавых пытаньнях.
  • Як толькі справа ідзе пра важныя палітычныя пытаньні ўлады, вонкавай палітыкі, тут Лукашэнка поўнасьцю ігнаруе настроі большасьці грамадзтва.


У Беларусі здарыўся скандал зь першым цэнтралізаваным экзамэнам (ЦЭ) па расейскай (беларускай) мове. Выпускнікі і іх бацькі абураныя вынікамі і скардзяцца ў розныя інстанцыі. Чамусьці ў Беларусі любыя падлікі на агульнадзяржаўным узроўні ўрэшце атрымліваюцца ў «ярмошынскім» стылі. Былая старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заклала згубную традыцыю, якая нечакана спрацоўвае ў самых розных абставінах. Цяжка дакладна казаць, ці былі насамрэч памылкі пры правядзеньні ЦЭ, але народ не паверыў. Каля няма даверу да ўлады, то любыя падлікі ператвараюцца ў скандал, ці то гаворка ідзе пра вынікі выбараў, ці пра вынікі ЦЭ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цэлую бучу паднялі». Лукашэнка ўмяшаўся ў скандал вакол цэнтралізаванага іспыту

29 траўня міністар адукацыі Андрэй Іванец назваў фэйкамі заявы аб несправядлівай ацэнцы ведаў, паказаных выпускнікамі школ на першым ЦЭ. Аднак на другі дзень Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца, раскрытыкаваў Міністэрства адукацыі, фактычна падтрымаў абураных бацькоў. Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка заявіў, што даручана праверыць арганізацыю ЦЭ і кожную скаргу.

Вось жа, аказваецца, і ў сучаснай Беларусі здараецца рэдкая сытуацыя, калі дзяржаўныя інстытуты вымушаныя прыслухацца да грамадзянаў і рэагаваць на іхнае абурэньне. Створаны прэцэдэнт, калі ўпершыню з 2020 году ў канфлікце людзей і цэлага міністэрства менавіта апошняе вымушана апраўдвацца.

Чаму Лукашэнка так сябе павёў? Ён імкнецца вярнуць грамадзкую падтрымку, страчаную тры гады таму. Утрымліваць уладу толькі з дапамогай грубай сілы, сядзець на штыках яму яўна некамфортна. Чыста псыхалягічна хочацца вярнуцца ў свой раньні вобраз «народнага прэзыдэнта», калі ён хутка і чуйна рэагаваў на балючыя для грамадзтва тэмы. Да таго ж пасьля 2020 году любое абурэньне ўладай больш небясьпечнае, чым раней, бо кладзецца на незагоеную рану, непераадоленую траўму, атрыманую ў тыя драматычныя месяцы.

Таму цяпер Лукашэнка імкнецца намацаць болевыя пункты, каб займець грамадзкую падтрымку. Так, 2022 год прайшоў пад знакам барацьбы з цэнамі. Кампанія ня мела ніякага эканамічнага сэнсу (хутчэй нават шкодзіла эканоміцы), але спадабалася абываталю. Тут ён трапіў у фокус чаканьняў насельніцтва.

Нядаўна Лукашэнка правёў нараду «па актуальных пытаньнях аховы здароўя», дзе паабяцаў «злупіць скуру» з чыноўнікаў, якія дрэнна клапоцяцца пра лекаваньне людзей. І вось цяпер зьвярнуўся да тэмы адукацыі, выступіў у абарону незадаволеных выпускнікоў і іх бацькоў, якія цярпяць ад злых чыноўнікаў Міністэрства адукацыі.

Але хачу зьвярнуць увагу, што Лукашэнка гатовы ісьці на саступкі народнай думцы выключна ў сацыяльных, бытавых пытаньнях, якія ня маюць непасрэднага дачыненьня да палітыкі. Як толькі справа ідзе пра важныя палітычныя пытаньні ўлады, вонкавых адносін, тут ён поўнасьцю ігнаруе настроі большасьці грамадзтва. Я нават не пра вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Ёсьць і шмат іншых пытаньняў, дзе Лукашэнка ідзе насуперак дамінуючым народным уяўленьням.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал на «адзіным экзамэне»: Абітурыенты і бацькі патрабуюць пералічыць балы. Што адбываецца

Напрыклад, сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што насельніцтва не падтрымлівае масавых рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў, катаваньняў, жорсткасьці адносна вядомых лідэраў, якія сядзяць за кратамі. Гэтыя настроі ўласьцівыя нават прыхільнікам Лукашэнкі. Большасьць падтрымлівае ідэю перамоваў паміж бакамі канфлікту, шчыра вітае ідэю «народнай згоды». Аднак іх думка рэжыму не цікавая.

Летась Лукашэнка на адной з нарадаў заўважыў, што нейкія несьвядомыя грамадзяне на сустрэчах з чыноўнікамі задаюць пытаньне, чаму Ўсебеларускі народны сход, які цяпер становіцца галоўным органам улады, не выбіраецца гэтым самым народам. І даводзіў, што гэтыя палітычна няграматныя грамадзяне нечага не разумеюць, ім трэба ўсё правільна растлумачыць.

Большасьць беларусаў не хацелі б удзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. Ці апошні прыклад: абсалютная большасьць насельніцтва (75–80%) не жадаюць разьмяшчэньня ў краіне ядзернай зброі. І ўлады тут ідуць насуперак думцы грамадзтва. Хоць, магчыма, у гэтых пытаньнях Лукашэнка ўжо ня здольны прымаць самастойныя рашэньні.

А вось у тэме ЦЭ пакуль яшчэ можна стаць на абарону народу ад недарэчных чыноўнікаў Міністэрства адукацыі. Як ён калісьці казаў адносна дзейнасьці ўраду: «Нахамуталі».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.