Суд Круглянскага раёну 30 траўня асудзіў адразу трох чалавек за ўдзел у акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Судзьдзя Дзьмітры Сасноўскі асудзіў усіх на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Палітзьняволенай Аліне Горавай ён прызначыў год «хатняй хіміі», Уладзіславу Лагуценку і Аляксею Цыганаву — 2,5 і 2 гады «хатняй хіміі» адпаведна, паведамляе «Медиазона». Гораву, у якой у турме абвастрыліся праблемы са здароўем, вызвалілі ў зале суду пасьля двух месяцаў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэмпэратура і крывацёк». Затрыманай дзяўчыне, якой адмовілі ў шпіталізацыі, становіцца горш у СІЗААліну Гораву затрымалі 27 сакавіка 2023 году ў Круглым. Увечары яна пайшла ў Сьледчы камітэт для дачы паказаньняў у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе аб удзеле ў мірных акцыях пратэсту і на волю ўжо не выйшла — яе затрымалі на тры дні.
Спачатку дзяўчыну ўтрымлівалі ў мясцовым ІЧУ ў жорсткіх умовах: у камэры холадна, накрывацца забаронена нават сваім адзеньнем. Ад гэтага ў яе абвастрыліся хранічныя захворваньні нырак і жаночых органаў. Увечары 30 сакавіка Аліне стала дрэнна, таму ёй выклікалі хуткую дапамогу. Аднак сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, бо нібыта ў СІЗА, куды яе павінны былі перавесьці, ёсьць дзённы стацыянар.
Але ў магілёўскай турме ў мэдыцынскай дапамозе Аліне адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і шпіталізаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба здавацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах