Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што наступнай пасьля Ўкраіны цэльлю расейскага прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна зьяўляецца Беларусь, бо ён жадае аднавіць Савецкі Саюз.
«Паколькі дасягнуць гэтага дыпляматычным шляхам немагчыма, ён спрабаваў усе віды пагроз і ператварыў энэргарэсурсы ў зброю. Потым ён вырашыў стаць адкрытым агрэсарам (праз уварваньне ва Ўкраіну). Яны забіваюць і катуюць незьлічоную колькасьць мірных жыхароў і нават пагражаюць ядзернай катастрофай шляхам акупацыі атамных электрастанцый», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію паўднёвакарэйскаму выданьню Chosun.
«Пуцін хоча толькі вайной захапіць Украіну і зьнішчыць украінства. Наступная цэль Пуціна — Беларусь», — перакананы Ўладзімір Зяленскі. Ён мяркуе, што галоўнай мэтай свайго жыцьця Ўладзімір Пуцін лічыць аднаўленьне Савецкага Саюзу.
Камэнтуючы заявы аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, Уладзімір Зяленскі сказаў, што гэта цяпер ня мае ніякага значэньня для Ўкраіны.
«Украіна больш не баіцца расейскіх пагроз і захадаў, зьвязаных зь ядзернай зброяй», — сказаў украінскі прэзыдэнт.
У той жа час Уладзімір Зяленскі назваў перакіданьне ядзернай зброі ў Беларусь «палітычным прыёмам для пагроз Украіне і Эўропе». Ён лічыць недапушчальным выкарыстаньне ядзернай зброі ў якасьці пагрозы пры парушэньні тэрытарыяльнага сувэрэнітэту іншых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША «вельмі нэгатыўна» ставіцца да разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі25 траўня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На пытаньне, ці ядзерная зброя ўжо знаходзіцца ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».
Міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шойгу 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым кіраўнік расейскага вайсковага ведамства заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня заявіў, што ЭЗ будзе «вельмі ўважліва сачыць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасьць Менску і Масквы аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз прыгразіў жорсткай рэакцыяй у адказ на перадачу расейскай ядзернай зброі БеларусіПляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.