Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла праект закону «Аб народным апалчэньні». З дакладамі аб праекце выступілі міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і чалец сталай камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Яўген Зайцаў.
Прадстаўляючы праект, Віктар Хрэнін сказаў:
«Пры распрацоўцы законапраекту за аснову быў узяты сучасны досьвед стварэньня добраахвотніцкіх фармаваньняў тэрытарыяльных грамад Украіны ў 2022 годзе».
Праектам закону прадугледжваецца надзяленьне ўраду паўнамоцтвамі вызначаць захады ў падрыхтоўцы да фармаваньня народнага апалчэньня, якія праводзяцца ў мірны час мясцовымі органамі ўлады, парадак фармаваньня (расфармаваньня) народнага апалчэньня, камплектаваньня і вядзеньня ўліку добраахвотнікаў, залічэньня іх у народнае апалчэньне і выхаду.
Праект вызначае правы і абавязкі, гарантыі прававой і сацыяльнай абароны добраахвотніка, яго адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся законапраект аб апалчэнцах, які дае ім права прымяняць зброю і затрымліваць грамадзянРаней на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праект закону «Аб народным апалчэньні». Праект закону прадугледжвае, што добраахвотнікі, якія знаходзяцца ў атрадах апалчэньня, будуць мець правы:
- прымяняць фізычную сілу;
- прымяняць і выкарыстоўваць зброю на ўмовах і ў межах, вызначаных заканадаўчымі актамі для вайскоўцаў, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, прыцягнутых да забесьпячэньня ваеннага становішча;
- затрымліваць асоб, якія ўчынілі злачынства або адміністрацыйнае правапарушэньне, для перадачы ў органы, упаўнаважаныя ажыцьцяўляць крымінальны перасьлед або весьці адміністрацыйны працэс.
У апалчэньне ня будуць залічваць грамадзян:
- якія адбываюць пакараньне ў выглядзе арышту, абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўленьня волі на пэўны тэрмін або пажыцьцёвага пазбаўленьня волі;
- у дачыненьні да якіх прыменена мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту або хатняга арышту;
- у адносінах да якіх прынята рашэньне аб інтэрнаваньні;
- прызнаных ва ўстаноўленым парадку недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі;
- якія маюць захворваньні або фізычныя заганы, пры наяўнасьці якіх проціпаказана валоданьне зброяй.
27 траўня кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» Лукашэнка паставіў задачу стварыць народнае апалчэньне. У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».
Паводле разьлікаў Міністэрства абароны, у народнае апалчэньне могуць увайсьці 100–150 тысяч чалавек. Пры гэтым у ведамстве не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць болей.
26 лютага старшыня Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што чальцам «народнага апалчэньня» выдадуць стралковую зброю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі распрацуюць новую ваенную дактрыну. Апублікаваны новы праект Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі