Уладзімір Пуцін падпісаў папраўкі да закону «Аб ваенным становішчы», якія, сярод іншага, прадугледжваюць правядзеньне выбараў на анэксаваных тэрыторыях Украіны.
Згодна з дакумэнтам, выбары на анэксаваных Расеяй тэрыторыях Украіны могуць праводзіцца пасьля кансультацый з Цэнтравыбаркамам, Мінабароны Расеі і ФСБ. Закон таксама дазваляе праводзіць галасаваньне як на ўсёй тэрыторыі, дзе ўведзена ваеннае становішча, так і толькі на яе частцы.
Акрамя таго, у законе зафіксавана права ўладаў на дэпартацыю жыхароў анэксаваных украінскіх тэрыторый, дзе ўведзена ваеннае становішча, у раёны, дзе такое становішча ня ўведзена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея праз 6 гадзін пасьля папярэдняй атакі абстраляла Кіеў з поўначы са сваёй тэрыторыі. Зьбілі 11 ракетПадпісаныя Пуціным папраўкі дазваляюць затрымліваць на 30 сутак за парушэньне забарон і абмежаваньняў, уведзеных на тэрыторыях у сувязі з ваенным становішчам.
Ваеннае становішча, паводле расейскіх законаў, дазваляе абмяжоўваць правы і свабоды грамадзян. Пры гэтым паўнамоцтвы прэзыдэнта Расеі і ўладаў, у дадзеным выпадку акупацыйных уладаў на анэксаваных тэрыторыях Украіны, пашыраюцца.
Раней Уладзімір Пуцін зацьвердзіў парадак пражываньня ў Расеі для ўраджэнцаў так званых «ДНР» і «ЛНР», а таксама анэксаваных частак Запароскай і Херсонскай абласьцей, які прадугледжвае дэпартацыю жыхароў анэксаваных тэрыторый Украіны, якія да 1 ліпеня 2024 году адмовяцца атрымаць расейскае грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters абвергла заявы расейскай прапаганды пра сэнатара Грэма, якога ў Расеі абвясьцілі ў вышукЗгодна з указам, замежнікамі будуць лічыцца тыя грамадзяне, якія «заявілі аб сваім жаданьні захаваць існуючае ў іх грамадзянства або застацца асобамі без грамадзянства», а таксама не прынесьлі прысягу грамадзяніна Расеі.
Жыхароў анэксаваных тэрыторый, якія лічацца замежнікамі і «якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы», могуць дэпартаваць з Расеі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра людзей, якія «выступаюць за гвалтоўную зьмену асноў канстытуцыйнага ладу», плянуюць тэракты, якія падтрымліваюць экстрэмізм або ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных акцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея дэнансавала пагадненьне аб узброеных сілах у Эўропе, якое падпісалі больш за 30 гадоў тамуТаксама замежнікамі будуць лічыцца грамадзяне, якія пражывалі на акупаваных украінскіх тэрыторыях на дзень іх «уключэння» ў склад Расеі, а таксама грамадзяне, якія пражывалі там раней і выехалі ў РФ, калі яны заявілі аб жаданьні захаваць ранейшае грамадзянства і не прынесьлі прысягу грамадзяніна РФ.
У 2014 годзе Расея анэксавала Крым і горад Севастопаль. Анэксія не была прызнана пераважнай большасьцю краін сьвету. У 2022 годзе, пасьля захопу часткі ўкраінскай тэрыторыі, Расея абвясьціла аб анэксіі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны. Да канца ня ясныя і межы, якія Расея цяпер лічыць сваімі.