Абмежаваньні Польшы, паводле паведамленьня МУС краіны, распаўсюджваюцца на 159 дэпутатаў беларускага парлямэнту, судзьдзяў (76 чалавек), пракурораў (7 чалавек), прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі (32 чалавекі), супрацоўнікаў сілавых органаў (28 чалавек).
У сьпіс таксама ўключаныя прадстаўнікі беларускіх дзяржаўным СМІ, якія займаюцца прапагандысцкай дзейнасьцю (23 чалавекі), спартоўцы і спартовыя актывісты (24 чалавекі), супрацоўнікі беларускіх устаноў, устаноў і дзяржаўных прадпрыемстваў (8 чалавек), дзеячы культуры і навукі (8 чалавек).
Акрамя таго, у сьпіс увайшлі прадпрымальнікі, зьвязаныя з расейскім капіталам (15 грамадзян Расеі і адзін грамадзянін Беларусі). Пад санкцыі таксама падпалі 20 суб’ектаў гаспадараньня (19 зьвязаных з Расеяй і адзін зьвязаны зь Беларусьсю).
«Гэтыя людзі прасоўвалі беларускі рэжым, а таксама займаліся легітымацыяй і падтрымкай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Менску. Яны таксама нясуць адказнасьць за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены паводле ілжывых абвінавачаньняў.
Асобы, якія знаходзяцца ў санкцыйным спісе, нясуць адказнасьць, у тым ліку, за прымяненьне фізычных і псыхалягічных катаваньняў, біцьцё, запалохваньне і дыскрымінацыю ў дачыненьні да польскай меншасьці. Занесеныя ў сьпіс асобы таксама маюць дачыненьне да зьнішчэньня польскіх могілак і помнікаў у Беларусі. Сярод тых, хто падпадае пад абмежаваньні, апынуліся асобы, адказныя за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі», — паведамляе МУС Польшчы.
Новыя санкцыі 26 траўня анансаваў міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі.
Каміньскі падкрэсьліў, што рашэньне выклікана тым, што ў Беларусі пакінулі ў сіле «драконаўскі прысуд Анджэю Пачобуту», і яно закране тых прадстаўнікоў уладаў, якія «адказныя за палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку супраць палякаў, якія жывуць у Беларусі».
26 траўня судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі пакінуў без задавальненьня апэляцыю на прысуд палітвязьню, актывісту польскай меншасьці, журналісту і публіцысту Анджэю Пачобуту. Гэта азначае, што прысуд Горадзенскага абласнога суду пакінуты бязь зьмены.
Фігуранта «справы палякаў» Анджэя Пачобута 8 лютага сёлета Горадзенскі абласны суд (судзьдзя Дзьмітры Бубенчык) прызнаў вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы) КК і прысудзіў 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Пасьля гэтага 10 лютага Польшча на няпэўны тэрмін заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску, Баброўнікі, што значна пагоршыла ўмовы транзыту велікагрузных аўтамабіляў.
23 сакавіка міністар унутраных справаў Польшчы Каміньскі заявіў, што калі Пачобута «заўтра адпусьцяць, памежны пераход у Баброўніках будзе адкрыты пасьлязаўтра».
31 сакавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем народу і парлямэнту, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не гатовы вызваліць Пачобута ў абмен на адкрыцьцё пераходу «Баброўнікі», але выказаў згоду абмяняць яго на палітыка Паўла Латушку і сяброў кіраванага ім «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў вырак журналісту Пачобуту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі для палякаў цяпер найгоршае становішча ў сьвеце» — Канцылярыя прэзыдэнта ПольшчыХто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.