Хроніка перасьледу 29 траўня: пастара з Новалукомля паўторна арыштавалі на 15 дзён; у Гомлі затрымалі ня менш за пяць чалавек

Супрацоўнікі АМАП затрымліваюць жанчын у Менску. Архіўнае фота

Палітычыныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Пастара з Новалукомля паўторна арыштавалі на 15 сутак

Судзьдзя суда Чашніцкага раёна Ірына Кручыніна 12 траўня разгледзела адміністрацыйную справу пастара эвангельскай царквы Новалукомля Аляксандра Зарэцкага. І нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетках пакарала яго арыштам на 15 дзён.

Раней, 21 красавіка, тая ж судзьдзя арыштавала пастара на той жа тэрмін паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Падчас судовага разбору судзьдзя Кручыніна выявіла, што на сваёй старонцы ў Facebook Зарэцкі разьмясьціў і захоўваў фатаздымак сябе зь дзіцем на фоне нацыянальнага беларускага сьцяга, які быў аформлены выявай лягатыпу Tut.by, а таксама публікацыю з інтэрнэт-супольнасьці Радыё Свабода.

На прапаведніка эвангельскай царквы завялі крымінальную справу

Супраць эвангельскага прапаведніка царквы «Дабравесьце» Мікалая Хіла завялі крымінальную справу, паведамляе «Хрысціянская візія». Па якім артыкуле — невядома.

Мікалая Хіла затрымалі 24 красавіка. З Акрэсьціна прапаведніка перавялі ў СІЗА ў Калядзічах, удакладняюць актывісты. Прычына затрыманьня і дэталі крымінальнай справы невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі забудоўніка комплексу «Менск-Сьвет»

У Менску судзяць эвангельскага верніка Віталя Прынесьліка і ягоную жонку Лізавету

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзьняволенага эвангельскага верніка Віталя Прынесьліка і ягонай жонкі Лізаветы.

Іх абвінавачваюць у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Віталя затрымалі разам з жонкай у канцы лютага 2023 года. Жонку адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, яго пакінулі пад вартай. Справу разглядае судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Сужэнцы зьяўляюцца парафіянамі царквы «Слова жыцьця». Лізавета — вядомая інстаграм-блогерка, у яе больш за 50 тысяч падпісантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 траўня: ахоўніка «Эўраопту» затрымалі за камэнтары, у тым ліку пра тавары; затрыманьні ў Гомлі

У Гомлі затрымалі ня менш за пяць чалавек

Вядома, што сярод іх адна жанчына.

На «пакаяльным» відэа ўсе затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» рэсурсы, піша «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баранавіцкага актывіста з інваліднасьцю будуць судзіць паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку за абразу Лукашэнкі