26 траўня, адказваючы на пытаньне аб «рэакцыі на тое, што Расея перамяшчае тактычную ядзерную зброю ў Беларусь», прэзыдэнт адказаў: «Вельмі нэгатыўная мая рэакцыя».
У той жа дзень аб’яўленую перадачу Беларусі расейскіх ядзерных боегаловак асудзіў Эўрапейскі зьвяз. «Гэта крок, які прывядзе да далейшай надзвычай небясьпечнай эскаляцыі», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль.
25 траўня ў Маскве Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. Адказваючы на пытаньне, што абмяркоўвалася напярэдадні, 24 траўня, з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным падчас Эўразійскага эканамічнага форуму, Лукашэнка зазначыў, што «размова ішла аб тым, што ён мяне праінфармаваў, што ён падпісаў указ аб нашых дзеяньнях па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз прыгразіў жорсткай рэакцыяй у адказ на перадачу расейскай ядзернай зброі Беларусі