«Гэта крок, які прывядзе да далейшай надзвычай небясьпечнай эскаляцыі», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
Паводле яго, гэтае рашэньне супярэчыць абавязацельствам, якія Расея ўзяла на сябе ў рамках Будапэшцкага мэмарандума, згодна зь якім Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі ўсю ядзерную зброю, а таксама сумеснай заяве лідэраў пяці ядзерных дзяржаў ад 3 студзеня 2022 году аб тым, што ядзерную вайну нельга выйграць і ніколі нельга весьці. Бурэль заклікаў Маскву выконваць гэтыя абавязацельствы.
Жузэп Бурэль падкрэсьліў, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца «саўдзельнікам незаконнай і несправакаванай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», і заклікаў Менск «неадкладна спыніць падтрымку» ваеннай агрэсіі і «адмяніць рашэньні», якія могуць «толькі садзейнічаць узмацненьню напружанасьці ў рэгіёне і падарваць сувэрэнітэт Беларусі».
«Любая спроба далейшага абвастрэньня сытуацыі будзе сустрэтая жорсткай і скаардынаванай рэакцыяй», — заявіў Бурэль.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн таксама выказаў нэгатыўнае стаўленьне да плянаў Расеі па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба Белага дома. 26 траўня, адказваючы на пытаньне аб «рэакцыі на тое, што Расея перамяшчае тактычную ядзерную зброю ў Беларусь», прэзыдэнт адказаў: «Вельмі нэгатыўная мая рэакцыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ня ведае пра расейскую ядзерную зброю ў Беларусі? Вынікі тыдня ад Валера Карбалевіча- 25 траўня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На ўдакладняльнае пытаньне, ці ядзерная зброя ўжо знаходзіцца ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».
- Міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шойгу 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым кіраўнік расейскага вайсковага ведамства заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
- Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня заявіў, што ЭЗ будзе «вельмі ўважліва сачыць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасьць Менску і Масквы аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.