Рэальныя пэнсіі ў Беларусі падаюць чацьвёрты месяц запар

Аляксандар Лукашэнка размаўляе з пэнсіянэркай, архіўнае фота 2018 году

Рэальныя пэнсіі, якія разьлічваюць з папраўкай на інфляцыю, падаюць чацьвёрты месяц запар. Гэта вынікае з дадзеных Белстату, піша «Зеркало».

У красавіку 2023 году рэальныя пэнсіі зьнізіліся на 0,4% да папярэдняга месяца, у сакавіку — на 0,6%, у лютым — на 1,2%, у студзені — на 0,8%. Праўда, у траўні сытуацыя абяцае палепшыцца: улады павысілі працоўныя і сацыяльныя пэнсіі ў Беларусі.

У 2022 годзе гэты паказчык быў у мінусе на працягу 7 месяцаў з 12. Статыстыка фіксавала рост, як правіла, пасьля павышэньня працоўных пэнсій.

Падзеньне рэальных пэнсій зьвязана шмат у чым з разгонам інфляцыі. Так, паводле росту коштаў на тавары і паслугі Беларусь у 2022 годзе заняла першае месца сярод краінаў ЭАЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зафіксавалі рэкорднае падзеньне даходаў насельніцтва
  • Пэнсіянэры ў Беларусі складаюць чвэрць насельніцтва, выдаткі на пэнсіі ў 2022 годзе склалі каля 9% ВУП.
  • З 2017 году ў Беларусі ідзе пэнсійная рэформа, якая завершыцца ў 2025-м. У выніку карэкціровак узрост выхаду на пэнсію павялічыўся: цяпер жанчыны атрымліваюць статус пэнсіянэра ў 58 гадоў, мужчыны — у 63 гады. І калі плянку выхаду на пэнсію пакуль далей павялічваць не плянуюць, дык мінімальны страхавы стаж яшчэ будзе расьці. Цяпер для налічэньня пэнсіі па ўзросьце трэба, каб чалавек афіцыйна адпрацаваў 19 гадоў, у 2024 годзе спатрэбіцца 19,5 года, а да 2025 года гэты пэрыяд складзе 20 год.
  • Як сьцьвярджае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сярэдняя пэнсія па ўзросьце ў беларускага пэнсіянэра складае 670 рублёў — гэта менш за 40% сярэдняй зарплаты па краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьбяднелі беларусы за 2022 год? Белстат агучыў лічбы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 4% беларусаў жывуць за рысай беднасьці, 40% усіх прыбыткаў ідзе на харчаваньне. Які ўзровень жыцьця беларусаў паводле Белстату