Грэка-каталіцкага сьвятара Аляксандра Шаўцова з Полацку арыштавалі на 15 сутак

Аляксандар Шаўцоў

Затрыманага ў Полацку сьвятара Беларускай грэка-каталіцкай царквы Аляксандра Шаўцова 26 траўня пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за рэпосты матэрыялаў сайту «Хартыя-97» у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».

Пра гэта BPN паведаміла крыніца, якая пажадала застацца ананімнай.

Шаўцова затрымалі раніцай 25 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку затрымалі грэка-каталіцкага сьвятара Аляксандра Шаўцова

Тады ж была затрыманая першая загадчыца, а цяпер дацэнт катэдры архітэктуры і дызайну Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (ПДУ) 76-гадовая Галіна Захаркіна. Яе аштрафавалі на 80 базавых велічыняў (2960 рублёў).

24 траўня 10-суткавым арыштам пакаралі загадчыцу катэдры геадэзіі і геаінфармацыйных сыстэмаў ПДУ 73-гадовую Галіну Шараглазаву і вядучую выкладчыцу катэдры сусьветнай літаратуры і замежных моў гэтай ВНУ Алену Храмцову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 траўня: затрымалі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту

23 траўня ў Полацку і Наваполацку затрымалі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў ПДУ. Сярод іншых былі затрыманыя дацэнт катэдры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіраваньня Сяргей Глазырын і дацэнт катэдры гісторыі і турызму Віктар Чарэўка. Абодва арыштаваныя на 15 сутак.

17 траўня сілавікі затрымалі супрацоўнікаў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой лякарні. Пяцярых пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі.

29 і 30 сакавіка ў Полацку і Наваполацку прайшлі затрыманьні супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, частка зь іх адбыла адміністрацыйныя арышты, у тым ліку некалькі разоў запар.