Полк Каліноўскага ў сваім тэлеграм-канале апублікаваў фота з жалобнай цырымоніі, а таксама адмысловую заяву.
Як гаворыцца ў заяве, Міраслаў «быў беларускім грамадзка-палітычным дзеячам, кнігавыдаўцом, адным з лідэраў „Белага легіёну“, і адным з найпрафэсійнейшых баявых камандзіраў Палка Каліноўскага. Ён аддаў сваё жыцьцё, каб наступнае пакаленьне не жыло ў рабстве. Міраслаў змагаўся з гэтым злом да канца свайго жыцця! І загінуў Міраслаў як сапраўдны герой, у баю, прыкрываючы адыход параненых пабрацімаў. Нават страх сьмерці ня можа зьмяніць дзеяньняў вольнага чалавека, бо ён вольны ад улады страху. Ён вышэй за страх...».
- Міраславу Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
- У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў аб гісторыі Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.
- У сакавіку 2017 году Міраслава Лазоўскага разам з больш як трыма дзясяткамі чалавек арыштавалі ў так званай «справе патрыётаў». Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкулу 293 («Падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Затым дадалі артыкул 287 («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»). За кратамі Лазоўскі правёў некалькі месяцаў, выйшаў на свабоду ў чэрвені. Крымінальная справа неўзабаве была прыпыненая, а пасьля закрытая.
- Неўзабаве пасьля гэтага Міраслаў ажаніўся са сваёй дзяўчынай Сьвятланай. Пара выбрала для гэтага гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасьня. «Каб ніколі не забывацца на дзень шлюбу», — тлумачыў свой выбар Міраслаў у інтэрвію «Новаму часу».
- Пасьля пратэстаў 2020 году Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго удзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.