Пра баявога пабраціма Свабодзе расказаў былы камандзір Лазоўскага, малодшы афіцэр Васіль «Пацук» Верамейчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод пяці загінулых пад Бахмутам беларускіх добраахвотнікаў быў Міраслаў Лазоўскі, заснавальнік «Белага легіёну»«Барада сьмешна тырчыць з-пад каскі»
«Я не магу ўспомніць дакладна першы момант, калі мы ўбачыліся і пазнаёміліся. Здаецца, гэта быў вечар пятага дня вайны. Наша група даехала позна ўвечары да Кіева. Мы пайшлі ў школу да „Азова“, але там не было дзе спаць. І ў выніку мы перайшлі ў іншае месца, так званы АТЕК, яшчэ адно месца фармаваньня азоўскага руху. Ужо была ноч, велізарнае памяшканьне, забітае мужчынамі розных узростаў. Мы клаліся спаць проста на падлозе, дзе было месца. Здаецца, менавіта там я першы раз убачыў „Мыша“ (пазыўны Лазоўскага. — РС), Мірыка, Міраслава», — расказвае Васіль.
Па словах суразмоўцы, лепш пазнаёміцца атрымалася ўжо пазьней.
«Я запомніў, як ён кашляў, бо мы ўсе захварэлі. Кажуць, што на ковід, бо нехта нават у шпіталі ляжаў. Але перахварэлі абсалютна ўсе. Я помню, „Мыш“ кашляе, а потым апранае бронік, каску, і ягоная барада сьмешна тырчыць з-пад яе. Я зьдзівіўся, што гэта за дзед. Мы неяк камунікавалі, але ня вельмі моцна».
Пазьней быў сфармаваны першы беларускі ўзвод, яго камандзірам стаў Павал «Волат» Суслаў (загінуў у траўні 2022-га ў Мікалаеўскай вобласьці. — РС), а Васіль Верамейчык стаў камандзірам першага падразьдзяленьня і намесьнікам камандзіру ўзводу.
«Што тычыцца Мірыка, то я баяўся, што такі сталы чалавек, сур’ёзны, ня будзе слухацца і будуць праблемы. Але аказалася ўсё абсалютна наадварот: ён славы не хацеў, кіраваць не хацеў, ён хацеў рабіць справу і вучыцца. Калі ўжо я стаў камандзірам першага ўзводу, то я зрабіў „Мыша“ камандзірам першага падразьдзяленьня і намесьнікам камандзіра ўзводу. І далей мы ішлі заўсёды побач. Мы спалі ў адных памяшканьнях, езьдзілі на адны і тыя ж заданьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская армія цалкам небаяздольная». Добраахвотнік «Пацук» быў афіцэрам у Печах, а ва Ўкраіне намесьнікам «Волата» і «Брэста»«Хэлоў! Ты гоў туды»
Васіль успамінае, што яны разам былі ў Ірпяні ў сакавіку 2022 году, спрабавалі дайсьці да пазыцый, дзе знаходзіліся беларускія ваяры.
«Потым, калі мы прыехалі ў Мікалаеў, то наш украінскі камандзір доўгі час называў мяне проста „Начкар“ (начальнік каравулу. — РС). Ні пазыўны, ні імя запомніць ня мог. Справа ў тым, што спачатку беларусаў завезьлі для вядзеньня вартавой службы для іншаземцаў. І я суткі ня спаў, арганізоўваючы працу вартавой службы. Але за дзень-два ўсё было арганізавана. Пабрацім „Тарэна“ таксама, як і я, быў вайскоўцам, мы разумелі, як павінна ўсё працаваць. Калі ўсё арганізавалі, то я паціху перадаў справы „Мышу“, і потым ён ужо займаўся ўсім, а гэта такая руцінная, цяжкая вайсковая справа. Тыя, хто думаюць, што вайна — гэта весела заўсёды, эмоцыі, баі... Не, гэта сумная праца. Трэба складаць сьпісы, цягаць рэчы».
«Пацук» расказвае забаўны момант, як Міраслаў рабіў інструктаж у вартавой службе для іншаземцаў.
«„Мыш“ ангельскай мовы, на жаль, ня ведаў. Вось уявіце сабе, інструктаж перад зьменай, а ўсё, што ён змог сказаць: „Хэлоў! Ты гоў туды“. Там магла быць зьмена, на якой беларус, гішпанец і француз, але ніводзін зь іх не размаўляе па-ангельску. Камунікацыя адбывалася амаль на пальцах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зноў зьбіраюся на фронт». Вялікая размова зь Дзянісам Урбановічам«Высокая воля і ідэал»
Паводле Верамейчыка, Лазоўскі быў чалавекам вельмі высокага маральнага ўзроўню, ён заўсёды адмаўляўся ад прапанаваных пасадаў.
«Калі „Волата“ ня стала, то я казаў Міраславу, што будзеш камандзірам узводу. На гэта ён адказваў: „Як я магу быць камандзірам узводу, калі ў мяне няма вайсковай адукацыі і досьведу?“».
Іншы характэрны момант — гэта дыскусіі ўнутры тады яшчэ батальёну Кастуся Каліноўскага адносна ўдзелу ў рызыкоўнай апэрацыі пад вёскай Лазавой на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей. Частка ваяроў адмовілася ад удзелу, другая ж пагадзілася.
«Тады «Мыш» сказаў аднаму камандзіру: «Як мы можам мінусануць апэрацыю? Мы гонар беларусаў тады падвядзём. Па-другое, нам трэба ваенны досьвед, трэнавацца, бо наперадзе Беларусь». На гэта камандзір адказаў: «Табе амаль 50 гадоў, Мірык, якая Беларусь?! Ты дурны ці што?» Гэта вельмі паказальна, якім ідэалістам быў «Мыш».
Лазоўскі ўдзельнічаў у апэрацыі пад Лазавым. Больш за тое, яго паставілі на самыя пярэднія пасты, каля самых расейцаў. Тая апэрацыя прайшла ўдала для ўкраінскага войска.
«У „Мыша“ была вялікая воля і ідэал. У яго балела калена, яму было цяжка. У Севераданецку Мірыка прызначылі на пост камэнданта, яму даводзілася зьвязваць паміж сабой усе пасты іншаземцаў. Так яго прызначылі, а потым людзі пачынаюць гаварыць, што ён зусім ужо кепска размаўляе, аказалася, што ён 28 гадзін ня спаў. Ён кагосьці падмяняў, каб хлопцы паспалі, а сам зусім ня спаў. Я вымушаў быў яго ісьці спаць», — успамінае Верамейчык.
«Заходзім у Бахмут: як выйду — набяру»
Суразмоўца Свабоды кажа, што Лазоўскі быў самым аўтарытэтным камандзірам паміж беларускіх ваяроў.
«„Мыш“ — такі ідэаліст і інтэлігент, што пра яго ніхто кепскага слова ня мог сказаць. Гэта нейкі лёс, багі, яны нам нешта паказваюць. Такое супадзеньне, што яны загінулі з „Волатам“ дзень у дзень. Я лічу, што проста так такога не бывае. Страчваць такіх людзей жудасна. У мяне засталася перапіска з „Волатам“ у дзень яго сьмерці, дзе ён піша: „Адкажу цягам сутак“. Такая ж самая сытуацыя з „Мышам“. Ён мне пісаў: „Я табе зараз патэлефаную“. Потым: „Не, не патэлефаную. Заходзім у Бахмут, але ненадоўга; як выйду — набяру“».
Лазоўскі вучыў іншых ваяроў камандам па-беларуску, пастаянна займаўся самаадукацыяй, быў фанатам напалеонаўскіх войнаў.
«Мірык увесь час займаўся самаадукацыяй, у яго на тэлефоне быў амэрыканскі статут, падручнік рэйнджара ЗША, статут вартавой службы ЗША, спрабаваў рабіць усё вельмі па-вайсковаму. Я лічу, што на момант году на вайне ён дарос да сапраўднай афіцэрскай пасады. А паколькі няма іншых, то ён быў бы ідэальнай кандыдатурай на пасаду камандзіра батальёну „Волат“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аддаў жыцьцё, каб наступнае пакаленьне не жыло ў рабстве». У Кіеве разьвіталіся зь Міраславам Лазоўскім. ФОТАХто такі Міраслаў Лазоўскі
- Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
- У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў аб гісторыі Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.
- У сакавіку 2017 году Міраслава Лазоўскага разам з больш як трыма дзясяткамі чалавек арыштавалі ў так званай «справе патрыётаў». Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкулу 293 («Падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Затым дадалі артыкул 287 («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»). За кратамі Лазоўскі правёў некалькі месяцаў, выйшаў на свабоду ў чэрвені. Крымінальная справа неўзабаве была прыпыненая, а пасьля закрытая.
- Неўзабаве пасьля гэтага Міраслаў ажаніўся са сваёй дзяўчынай Сьвятланай. Пара выбрала для гэтага гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасьня.
- Пасьля пратэстаў 2020 году Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго удзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.