«Я цалкам падтрымліваю мірны плян, прапанаваны прэзыдэнтам Зяленскім. Я далучаюся да закліку Парлямэнцкай асамблеі NATO вітаць Украіну ў Альянсе і спадзяюся, што гэта адбудзецца найбліжэйшым часам», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская ў часе свайго онлайн-выступу перад удзельнікамі Форуму 26 траўня.
Паводле яе, рэгіянальная бясьпека таксама патрабуе, каб расейскія вайскоўцы назаўсёды пакінулі Беларусь і спынілася ўмяшаньне Крамля ва ўнутраныя справы Беларусі.
«Мы, беларусы, павінны ліквідаваць тыранію і прымусіць расейскія войскі сысьці. Я пераканана, што ў нас усё атрымаецца, калі мы аб’яднаем намаганьні з Украінай. Толькі новая дэмакратычная Беларусь дасьць цьвёрдыя гарантыі бясьпекі Ўкраіне і рэалізуе шырокае партнэрства з нашымі суседзямі», — перакананая яна.
Сьвятлана Ціханоўская лічыць неабходным не дапусьціць зьмякчэньня санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і настойвае на тым, што той мусіць панесьці адказнасьць за злачынствы як унутры Беларусі, так і за саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, у тым ліку за незаконнае перамяшчэньне на тэрыторыю Беларусі ўкраінскіх дзяцей.
Паводле яе, таксама нельга дапусьціць, каб прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі быў абраны ў склад Рады Бясьпекі ААН зь ліку непастаянных яе сяброў.
«Наша мэта ня проста не дапусьціць абраньня Лукашэнкі. Гэтае галасаваньне павінна стаць глябальным імпічмэнтам Лукашэнку. Толькі дэмакратычная Беларусь адновіць свой міжнародны аўтарытэт і калісьці будзе абраная ў Раду Бясьпекі ААН», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Свой выступ Сьвятлана Ціханоўская завяршыла словамі: «Слава Украіне!Жыве Беларусь!».
Чым вядомы Кіеўскі форум
Кіеўскі форум бясьпекі праходзіць 15-ы раз. Яго ў 2007 годзе заснаваў і арганізоўвае фонд колішняга прэм’ер-міністра Ўкраіны Арсенія Яцанюка Open Ukraine. У форуме бяруць удзел вядомыя міжнародныя палітыкі, экспэрты ў сфэры міжнародных дачыненьняў і бясьпекі, дыпляматы, журналісты і грамадзкія актывісты.
Галоўная тэма сёлетняга форуму — атрыманьне Ўкраінай статусу сяброўства ў Паўночна-атлянтычным альянсе.
Перад пачаткам форуму Арсеній Яцанюк заявіў, што перад самітам NATO неабходна мабілізаваць усе намаганьні, каб дабіцца рашэньня аб далучэньні Ўкраіны.
«Няма часу марудзіць. Калі сёньня няма палітычнага рашэньня, палітычнай волі ў Вільні прыняць Украіну ўжо, то павінна быць палітычнае рашэньне і палітычная воля абвясьціць, што ў самыя кароткія тэрміны паводле мадэлі Фінляндыі і Швэцыі Ўкраіна павінна стаць сябрам NATO», — заявіў Арсеній Яцанюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод пяці загінулых пад Бахмутам беларускіх добраахвотнікаў быў Міраслаў Лазоўскі, заснавальнік «Белага легіёну»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.