Казахстан не зьбіраецца ўступаць ні ў якія саюзныя дзяржавы, а таксама настойвае на тым, што інтэграцыя ў ЭАЭС павінна мець выключна эканамічны характар. Так растлумачыў заявы прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева на Эўразійскім эканамічным форуме яго прэс-сакратар Руслан Жэлдзібай.
«Ключавы мэсэдж кіраўніка дзяржавы заключаўся ў тым, што інтэграцыя ў рамках ЭАЭС можа і павінна ісьці выключна па эканамічнай дарозе. Выхад за яе рамкі парушае мэты, прынцыпы і задачы статутных дакумэнтаў арганізацыі», — напісаў Жэлдзібай.
Паводле яго, Такаеў меў на ўвазе, што эканамічная інтэграцыя не самамэта, а адзін са сродкаў разьвіцьця эканомік краін-удзельніц, а любыя рашэньні, што прымаюцца ў рамках ЭАЭС, павінны прыносіць карысьць кожнаму асобнаму яго ўдзельніку, найперш грамадзянам усіх дзяржаў ЭАЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану лічыць існаваньне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі праблемай Эўразійскага саюзу«Закранулі і пытаньне так званай рознаўзроўневай інтэграцыі. Сапраўды, сёньня два ўдзельнікі ЭАЭС — Расея і Беларусь — дэманструюць больш высокі і цесны ўзровень збліжэньня. Гэта ўнікальны прэцэдэнт. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, размова ідзе аб адным народзе і дзяржаве. І ў гэтым ключы вельмі важна падзяляць ініцыятывы ў рамках двух інтэграцыйных праектаў, у якіх абсалютна розныя мэты. Што тычыцца нашай краіны, то Казахстан ня мае намеру і не плянуе ствараць або ўступаць у якія-небудзь саюзныя дзяржавы», — растлумачыў прэс-сакратар прэзыдэнта Казахстану.
Касым-Жамарт Такаеў на Эўразійскім эканамічным форуме ўказаў на канцэптуальныя разыходжаньні ў падыходах да інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй і астатнімі краінамі ЭАЭС. Паводле яго, гэтую праблему трэба абмеркаваць.
Такаеў падкрэсьліў, што саюзная дзяржава Беларусі і Расеі ствараецца па формуле «дзьве краіны — адна дзяржава», з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парлямэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вось такі сувэрэнітэт. Лукашэнка ня ведае, што расейская ядзерная зброя ўжо разьмяшчаецца ў Беларусі