«Імпарт расейскага вугалю ў ЭЗ спыніўся, імпарт нафты складае нікчэмную долю таго, што было да вайны, а расейскі газ хутка зьнікне з рынку ЭЗ», — цытуе Макфі DW. Так, пастаўкі трубаправоднага расейскага газу гістарычна складалі каля 45–50% імпарту Эўразьвязу да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Да сакавіка 2023 году гэты паказчык зьнізіўся да 8%.
Прадстаўнік Эўракамісіі растлумачыў, што гэта стала магчымым дзякуючы тром фактарам. Першы — праца з надзейнымі пастаўшчыкамі, у якіх краіны ЭЗ у 2022 годзе закупілі на 70 млрд кубамэтраў газу больш. Галоўнымі экспартэрамі сталі ЗША і Нарвэгія, пры гэтым Эўракамісія працягвае шукаць альтэрнатыўных партнэраў.
Другім вырашальным фактарам сталі калектыўныя намаганьні грамадзян і прадпрыемстваў у ЭЗ па энэргазьберажэньні. На пачатку энэргетычнага крызісу Эўракамісія прапаноўвала зьнізіць спажываньне газу на 15 працэнтаў, але ў выніку гэты паказчык дасягнуў амаль 18 працэнтаў. Палову гэтага аб’ёму зэканомілі хатнія гаспадаркі. Увогуле жыхарам і кампаніям у ЭЗ удалося зэканоміць 50 мільярдаў кубамэтраў газу, «гэта значыць прыкладна трэць таго абʼёму, які мы гістарычна штогод імпартавалі з Расеі», — указаў прадстаўнік Эўракамісіі.
Трэці фактар — энэргія з аднаўляльных крыніц: у 2022 годзе ў Эўразьвязе выпрацавалі на 16 працэнтаў больш ветранай і сонечнай энэргіі, чым годам раней, што дало магчымасьць замяніць 11 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу, паведамілі ў Брусэлі.
Цяпер газасховішчы ў ЭЗ запоўненыя на 66 працэнтаў, такі паказчык — гістарычны максымум для гэтай пары году.