Уласьнік расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» заявіў аб пачатку вываду сваіх падразьдзелаў з Бахмута

Яўгеній Прыгожын на могілках у Краснадаррскім крае, дзе пахаваныя вагнэраўцы. Красавік 2023 году

Да 1 чэрвеня асноўная частка «Вагнэра» павінна перабазавацца ў тылавыя лягеры, заявіў Прыгожын.

Заснавальнік і ўласьнік расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што а 5-й раніцы 25 траўня пачаў выводзіць свае падразьдзелы з украінскага горада Бахмута Данецкай вобласьці.

«Да 1 чэрвеня асноўная частка перабазуецца ў тылавыя лягеры. Перадаем пазыцыі вайскоўцам — боекамплект, пазыцыі, усё, уключаючы сухі паёк. Але, калі вайскоўцам будзе цяжка, безумоўна, мы пакінем тых, хто выконваў асноўную ролю ў захопе Бахмута», — заявіў Яўгеній Прыгожын.

Відэзапіс паведамленьня ўласьніка ПВК «Вагнэр» распаўсюдзіла ягоная прэсавая служба. Прыгожын зьвярнуўся з гэтымі словамі на тле вуліцы ў населеным пункце са зруйнаванымі будынкамі. Але назва горада не ўдакладняецца, хоць у размовах з вайскоўцамі гучыць менавіта Бахмут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» заявіў аб правале «дэмілітарызацыі» Ўкраіны

Украінскі вайсковец: расейцы зьменшылі пяхотныя атакі ў Бахмуце

Вайсковец 5-й асобнай штурмавой брыгады Ўзброеных сіл Украіны, адзін зь кіраўнікоў партыі «Свабода» Юры Сырацюк у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода заявіў, што Бахмут не знаходзіцца пад поўным кантролем Расеі.

Паводле яго, расейскія войскі цяпер пераважна канцэнтруюцца на абстрэле ўкраінскіх пазыцый з артылерыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Украіна канцэнтруе свае атакі на ваколіцах Бахмуту, каб атачыць расейскія войскі ў горадзе

Юры Сырацюк дадаў, што ўкраінскія вайскоўцы змаглі заняць некалькі пазыцый, на якіх нядаўна знаходзіліся расейцы.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што на бахмуцкім кірунку расейскія войскі вядуць «беспасьпяховыя наступальныя дзеяньні» ў кірунку Іванаўскага, а Бахмут і прылеглыя да яго населеныя пункты абстрэльваюць з авіяцыі і артылерыі.

Мінабароны Ўкраіны пацьвердзіла замену вагнэраўцаў рэгулярнымі войскамі Расеі

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што эпіцэнтрам баявых дзеяньняў застаецца ўсходняя частка краіны, дзе расейцы працягваюць наступы адразу па некалькіх кірунках — аўдзееўскім, мар’інскім, ліманскім, купянскім і бахмуцкім.

«На бахмуцкім кірунку артылерыйскімі абстрэламі вораг спрабуе спыніць наша прасоўваньне на флянгах. Зараз вораг падцягвае дадатковыя падразьдзелы для ўзмацненьня. У прыгарадзе Бахмута вораг замяніў падразьдзелы „Вагнэра“ на армейскія рэгулярныя атрады. У самім горадзе цяпер вагнэраўцы застаюцца», — паведаміла Ганна Маляр у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яе слоў, украінскае войска кантралюе ваколіцы Бахмута ў паўднёва-заходняй частцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгожын паведаміў аб узяцьці Бахмута. Украіна заяўляе, што баі працягваюцца

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.