На пачатку траўня «Белпошта» заявіла, што хоча пашырыць сваю онлайн-краму shop.belpost.by да маркетплэйса. Адрозьненьне маркетплэйса ў тым, што на ім могуць разьмяшчаць свае тавары самі вытворцы.
У краме цяпер каля 15 тысяч найменьняў тавараў, кіраўніцтва нацыянальнага паштовага апэратара абяцае дастаўку ў 40 краін сьвету. Унутры Беларусі дастаўка будзе бясплатная да аддзяленьня паштовай сувязі або калі сума замовы перавышае 50 рублёў.
Глядзім, што можна набыць у гэтай онлайн-краме і пачым.
Ежа
У онлайн-краме, сярод іншага, прапануюць набыць ежу, хоць найменьняў пакуль небагата. Напрыклад, кіляграм «Лідзкай мукі» вышэйшага гатунку тут каштуе 1,55 рубля, у папулярным сэрвісе «Е-дастаўка» такая ж мука таньнейшая — 1,50 рубля.
Па некаторых пазыцыях тавараў новая онлайн-крама дэмпінгуе: згушчанае малако «Глыбокае» пакункам у 280 грамаў каштуе тут 2 рублі 93 капейкі, а ў краме «Е-дастаўка» — 3 рублі 15 капеек, або на 7% даражэй.
Пакунак печыва «Слодыч» на 365 грамаў каштуе ў новай онлайн-краме 3 рублі 57 капеек, а ў сэрвісе «Е-дастаўка» даражэй на 9 капеек.
Некаторыя тавары, наадварот, каштуюць значна даражэй. Сланечнікавы алей «Благо» ў краме «Белпошты» на траціну даражэйшы, чым у сэрвісе «Е-дастаўка»: 5 рублёў 35 капеек.
Паўтара літра мінэральнай негазаванай вады ў краме «Белпошты» на 25% даражэйшыя, чым у сэрвісе «Е-дастаўка».
Онлайн-крама робіць ухіл на беларускія прадукты. Калі гэта макарона, то толькі «Пастараль». Кансэрвы, салодкае — таксама толькі беларускай вытворчасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці даходзіць у Беларусь пошта зь іншых краін?Тэхніка
Сярод іншага, на новым сэрвісе прадаюць бытавую тэхніку. За пральную машыну беларускай вытворчасьці ATLANT CMA 60Y107 просяць 936 рублёў 19 капеек. Такая ж машына на папулярным сэрвісе catalog.onliner.by прадаецца за 842 рублі 91 капейку, або на 10% таньней.
Тэлевізар HORIZONT 24LE5011D каштуе на сэрвісе «Белпошты» 567 рублёў 95 капеек, у каталёгу «Онлайнэра» — таньней на 35%.
Ёсьць на сэрвісе і імпартная бытавая тэхніка. Напрыклад, пыласос Normann avc 211 прадаюць у онлайн-краме «Белпошты» за 175 рублёў 15 капеек, такая самая мадэль на «Онлайнэры» таньнейшая на 6%.
Рознае
Прадаюць на сайце «Белпошты» і тавары для іншых патрэб: сад, агарод, рамонт, дзіцячыя цацкі. Напрыклад, у разьдзеле «Сад і агарод» можна замовіць сабачую будку, каштуе ад 150 рублёў. Самы дарагі варыянт — 406 рублёў 35 капеек.
Большасьць дзіцячых цацак у каталёгу сайта — расейскай ці кітайскай вытворчасьці. Драўляны канструктар «Траянскі конь», напрыклад, расейскай вытворчасьці каштуе 13 рублёў 88 капеек, а плястыкавы канструктар кітайскай вытворчасьці — 18 рублёў.
Ёсьць на сайце маркета і кнігі. Гэта некалькі прававых зборнікаў, атлясы і дзьве мастацкія кнігі: вершы Барыса Жанчака і Лізаветы Палеес.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скумбрыя па 27 рублёў, пэрсікі па 14». Як беларусы жывуць з санкцыямі«Яны ня змогуць канкураваць»
На думку старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, пакуль да канкурэнцыі нават зь іншымі беларускімі сэрвісамі «Белпошце» далёка.
«Яны запусьціліся ўсьлед за поштай Расеі на хвалі росту онлайн-пакупак падчас пандэміі ковіду. Маркэтплэйс — гэта пляцоўка для розных вытворцаў, якія могуць там выстаўляць свае тавары. Каб такое зрабіць, трэба шмат кампаній, якія захочуць там разьмяшчацца. Пакуль жа там толькі беларускія кампаніі і вельмі абмежаваны асартымэнт. Незразумела, наколькі гэта будзе разьвівацца. Ня тое што канкураваць з Аmazon — нават з сэрвісам „21vek“ будзе складана. Там пакуль дастаўка цягам 10 працоўных дзён, на добрых маркетплэйсах — гэта 1–2 дні», — зважае Анастасія Лузгіна.
Экспэртка дадае, што для маркетплэйса нават для працы на расейскі рынак патрэбныя ня толькі беларускія пастаўшчыкі.
«Трэба, каб аплату можна было праводзіць рознымі спосабамі. На Amazon, напрыклад, ёсьць свае карткі, свае гаманцы. А тут узьнікаюць пытаньні нават да запатрабаванасьці гэтых тавараў. Такім чынам, напэўна, хочуць прасунуць беларускія тавары на расейскі рынак. Пытаньне толькі, як гэты сэрвіс зможа разьвівацца», — кажа экспэртка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуркі +51%, памідоры +43%. У Беларусі зноў пачалі расьці цэны. Разьбіраемся, што падаражэла