На думку Такаева, саюзная дзяржава Беларусі і Расеі прадугледжвае інтэграцыю паводле формулы «дзьве краіны — адна дзяржава». Відэа з выступам казахстанскага лідэра апублікаваў лукашэнкаўскі тэлеграм-канал «Пул Первого» пад загалоўкам «Нават ядзерная зброя адна на дваіх».
«Яшчэ адзін момант, так бы мовіць, канцэптуальнай рэальнасьці, спэцыфіка, якую нам трэба ўлічваць. Гэта наяўнасьць у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу саюзнай дзяржавы ў асобе Беларусі і Расеі. Канцэптуальная ідэалягічная аснова гэтага саюзу дастаткова сур’ёзная. Гэта ўзаемнае прызнаньне гістарычнай супольнасьці беларускага і расейскага народаў, прызнаньне культурнай, моўнай, рэлігійнай ідэнтычнасьці, гэта значыць прызнаньне наяўнасьці аднаго народу. Адзін народ — адна дзяржава.
У нас ёсьць у ЭАЭС саюзная дзяржава. Гэта значыць, у сусьветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або фэномэн, як хочаце. Стварэньне дзяржавы па формуле дзьве краіны — адна дзяржава, з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парлямэнтам. Ну, я прашу прабачэньня, і нават ядзерная зброя адна на дваіх зараз», — сказаў Касым-Жамарт Такаеў.
Пры гэтым, паводле Такаева, іншыя краіны ЭАЭС стаяць на іншых пазыцыях.
«Таму ёсьць іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўленай Казахстанам, Кіргізстанам, Армэніяй. І з гэтай рэальнасьцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах? Гэта пытаньне канцэптуальнае. Нам трэба, я думаю, у тым ліку і на гэтым эканамічным форуме абмеркаваць дадзеную праблему», — дадаў прэзыдэнт Казахстану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларускім кантэксьце калянізатар адзін — гэта Расея». Як дэкалянізаваць Беларусь і навошта гэта ўвогуле патрэбна