Рэйды па кватэрах зь міліцыяй, паседжаньні ў РАУС: у Беларусі актывізаваліся «дармаедзкія» камісіі

Паседжаньне «дармаедзкай» камісіі ў Касьцюковічах у будынку РАУС. Фота: Касьцюковіцкі райвыканкам

Раней «дармаедзкія» камісіі ладзілі паседжаньні ў выканкамах, а цяпер некаторыя зь іх зьбіраюцца і ў РАУС. У склад камісій, як правіла, уваходзяць прадстаўнікі міліцыі. Даходзіць і да таго, што камісіі разам зь міліцыяй абыходзяць з «рэйдамі» кватэры «дармаедаў», заўважыла «Зеркало».

Па ўсёй Беларусі працягваюць працаваць «дармаедзкія» камісіі. Як правіла, яны зьбіраюцца на пасяджэньні двойчы на месяц, на іх запрашаюць «дармаедаў». Цяпер і ў РАУС, з удзелам міліцыі, а таксама з наведваньнем «на дом».

13 красавіка ў Кіраўску пасяджэньне камісіі па каардынацыі працы ў садзейнічаньні занятасьці насельніцтва арганізавалі ў адміністрацыйным будынку аддзелу ўнутраных спраў райвыканкаму. У Касьцюковічах «дармаедаў» зьбіралі ў РАУС у студзені 2023 году, у Бабруйску — у сакавіку. Ладзіць паседжаньні «дармаедзкіх» камісій у міліцыі сталі сама меней з канца 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Браслаўскім раёне кожнага дзясятага жыхара ўнесьлі ў базу «дармаедаў»

У Салігорску «дармаедзкая» камісія разам з начальнікам крымінальна-выканаўчай інспэкцыі мясцовага РАУС зладзіла ў лютым «рэйд» па кватэрах «утрыманцаў». Як піша мясцовае выданьне «Шахцёр», камісія «правяла шэраг асабістых візытаў да беспрацоўных грамадзян гораду», каб «дапамагчы ім у працаўладкаваньні».

«Камісія наведала грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця і пражываюць у сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы», — піша выданьне.

Каб даведацца, ці трапілі вы ў «базу дармаедаў», трэба зьвярнуцца ў адпаведную «дармаедзкую» камісію па месцы рэгістрацыі — праз тэлефон або пісьмова (звычайным лістом ці па электроннай пошце). Таксама можна паглядзець гэтую інфармацыю на Адзіным партале электронных паслуг (паслуга платная), але для гэтага патрэбны электронны лічбавы подпіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх айцішнікаў, якія зьехалі за мяжу, выклікаюць у камісію па занятасьці
  • У 2015 годзе ў Беларусі ўвялі падатак на «дармаедзтва». Тым, хто на працягу каляндарнага году працаваў менш за 183 дні, трэба было заплаціць фіксаваны збор у памеры 20 базавых велічынь. Некаторых ад гэтага збору вызвалілі. За 2 гады дзеяньня дэкрэту падаткоўцы разаслалі 470 000 «лістоў шчасьця», многім паведамленьні прыходзілі памылкова, а заплаціў збор толькі кожны дзясяты адрасат (пасьля выплачаныя сумы сталі вяртаць).
  • На пачатку 2017 году па ўсёй Беларусі праходзілі масавыя «маршы недармаедаў», іх удзельнікаў затрымлівалі і судзілі. Аднак гэта прынесла эфэкт — у сакавіку 2017 году спагнаньне збору спынілі на год, а Аляксандар Лукашэнка даручыў дапрацаваць дэкрэт. Аднак улады толькі прыпынілі ціск на некаторы час.
  • На пачатку 2018-га зьявіўся ўказ «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». У ім для «дармаедаў» выставілі новы «штраф» — аплату ў 100% на некаторыя камунальныя паслугі тым, хто мае ва ўласнасьці кватэру.
  • З 1 студзеня 2019 году «дармаеды» пачалі аплачваць па поўным кошце гарачую ваду, пазьней да яе далучыліся ацяпленьне і газ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі зацьвердзілі новы спосаб, як сабраць грошай з «дармаедаў». Можна казаць аб увядзеньні новага падатку