У Беларусі за 100 км ад АЭС зафіксавалі землятрус у 4,2 бала. У беларускай Акадэміі навук абвяргаюць

Землятрус на мапе патсдамскага Цэнтру дасьледаваньняў зямлі

Эпіцэнтар знаходзіўся параўнальна недалёка ад Астравецкай АЭС. Беларускія спэцыялісты заяўляюць, што землятрусу не было.

Цэнтар дасьледаваньняў зямлі ў нямецкім Потсдаме 21 траўня зафіксаваў у Беларусі землятрус магнітудай 4,2 бала. Эпіцэнтар на глыбіні 10 км знаходзіўся за 28 км ад Ліды і за 21 км ад Наваградку, што прыкладна адпавядае месцазнаходжаньню Бярозаўкі.

Па беларускім часе землятрус адбыўся ў 11:02.

Адлегласьць да Беларускай АЭС у Астраўцы, дзе нядаўна падключылі другі энэргаблёк, складае крыху болей за 100 км. Паводле мапы, прыведзенай патсдамскімі спэцыялістамі, Астравец і ваколіцы трапілі ў першае кола сэйсьмічнай актыўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна як працяг катастрофы. Чаму Чарнобыль — гэта СССР, а СССР — гэта Чарнобыль

НАН Беларусі абвяргае штуршкі

Загадчыца аддзелу апрацоўкі і аналізу дадзеных маніторынгу Цэнтру геафізычнага маніторынгу НАН Беларусі Тацяна Аронава ў камэнтары дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БелТА заявіла, аднак, што, згодна з афіцыйнымі запісамі апаратуры, ніякіх землятрусаў апошнім часам у Беларусі не было.

«Адзіная краіна, якая зафіксавала гэтую зьяву, — Нямеччына, служба „Геафон“. Ніводная іншая краіна пра гэта нічога не сказала, і беларускія сэйсьмічныя станцыі не зарэгістравалі гэтай падзеі. Мы прагледзелі ўсе запісы на нашай тэрыторыі і іншых краін — гэтых зьвестак няма нідзе», — заявіла Аронава.

Спэцыялісты адзначаюць, што максымальна магчымая магнітуда землятрусу ў Беларусі — 4,5 бала. У краіне пэрыядычна адбываюцца землятрусы, але абсалютную большасьць зь іх жыхары не адчуваюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі энэргаблёк БелАЭС падключылі да энэргасыстэмы Беларусі