Ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, заявілі аб чарговым адключэньні захопленай расейцамі Запароскай АЭС ад электраэнэргіі ў выніку расейскіх абстрэлаў.
«У выніку тэрарыстычнага абстрэлу з боку рашыстаў 22 траўня раніцай, у 5:26, адключылася апошняя высакавольтная лінія электраперадач «Дняпроўская 750кВ», ад якой атрымлівала электраэнэргію Запароская АЭС на ўласныя патрэбы. Ужо сёмы раз ад пачатку акупацыі ўкраінскай станцыі расейскімі тэрарыстамі ЗАЭС пераходзіць у рэжым блэкаўту», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі.
Цяпер на станцыі аўтаматычна ўключыліся дызэль-генэратары, запасу паліва для якіх хопіць на 10 дзён.
«У выпадку немагчымасьці аднавіць вонкавае энэргазабесьпячэньне станцыі можа адбыцца аварыя з радыяцыйнымі наступствамі для ўсяго сьвету», — паведамілі ва ўкраінскай кампаніі.
У 12:17 кампанія «Укренерго» паведаміла аб аднаўленьні лініі электраперадач, якая забясьпечвае Запароскую АЭС тэхнічнай энэргіяй для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.
У той жа час украінскія энэргетыкі адзначылі, што пасьля расейскіх абстрэлаў пашкоджаныя высакавольтныя лініі адной з найбольш магутных электрастанцый у Дніпроўскім раёне (Днепрапятроўскай вобласьці), а таксама шэрагу падстанцый і сыстэм разьмеркаваньня. Рамонтныя работы працягваюцца.
Кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заявіў аб неабходнасьці дасягненьня дамоўленасьцяў аб гарантыях бясьпекі Запароскай АЭС.
«Раніцай Запароская АЭС сёмы раз за час канфлікту апынулася адключанай ад вонкавага энэргазабесьпячэньня і была вымушаная пераключыцца на аварыйныя дызэль-генэратары. Сытуацыя зь ядзернай бясьпекай на станцыі надзвычай уразьлівая. Мусім дамовіцца аб бясьпецы станцыі цяпер. Такая сытуацыя ня можа працягвацца», — напісаў Рафаэль Гросі на сваёй старонцы ў Twitter.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі аб намеры Расеі «эвакуаваць» з Запароскай АЭС украінскіх энэргетыкаў29 сакавіка Запароскую АЭС наведаў кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі. Знаходзячыся на падкантрольнай Маскве тэрыторыі, Гросі заявіў расейскім СМІ, што сытуацыя на станцыі не палепшылася, што баі паблізу ўзмацніліся і што трэба вызначыць рэалістычныя спосабы, як зьнізіць пагрозу катастрофы.
6 лютага стала вядома, што на Запароскую АЭС прыбыў пэрсанал з расейскай Калінінскай атамнай электрастанцыі, у тым ліку інжынэры па кіраваньні рэактарамі, начальнікі зьмен, электрасьлесары і прадстаўнікі іншых атамных прафэсій.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МАГАТЭ: сытуацыя вакол Запароскай АЭС не палепшылася