Пра гэта заявіў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль з нагоды Міжнароднага дня салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі.
«ЭЗ цьвёрда падтрымлівае беларускі народ і працягне дабівацца справядлівасьці для ахвяр і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці», — падкрэсьліў палітык.
Паводле яго, зь лета 2020 году рэжым Лукашэнкі зьдзейсьніў больш за 40 тысяч палітычна матываваных арыштаў і завёў ня менш за 12 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў, у Беларусі налічваецца звыш 1500 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гадзіну зачытвалі імёны зьняволеных. Як прайшоў Дзень палітвязьня ў Вільні. Фотарэпартаж«Нядаўняя справаздача Маскоўскага мэханізму АБСЭ па Беларусі дакумэнтальна пацьвярджае, што многія палітвязьні ўтрымліваюцца ў жудасных умовах і зазнаюць катаваньняў. Людзям з сур’ёзнымі парушэньнямі і небясьпечным для жыцьця станам здароўя адмаўляюць у належнай мэдыцынскай дапамозе», — заявіў прадстаўнік ЭЗ.
Ён нагадаў, што 7 траўня ў калёніі памёр блогер Мікалай Клімовіч, які меў цяжкае захворваньне сэрца.
«Яго „злачынства“ заключалася ў публікацыі карыкатуры на Лукашэнку ў сацыяльных сетках», — зазначыў Бурэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быў патрыётам Пінску, з блізкіх родных меў толькі сястру. Што вядома пра Мікалая Клімовіча, які памёр у віцебскай калёнііЁн канстатаваў, што «прастора для грамадзянскай супольнасьці была жорстка абмежавана рэжымам Лукашэнкі» і на сёньня зьліквідавана «звыш 1283 няўрадавых арганізацый».
«У спалучэньні з узмацненьнем рэпрэсій гэта зрабіла немагчымымі любыя палітычныя дэбаты і любы від палітычнай апазыцыі», — канстатаваў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі.
У Беларусі, паводле яго, чыняцца сыстэматычныя, шырокамаштабныя і грубыя парушэньні правоў чалавека, якія могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасьці, як пазначана ў апошнім дакладзе Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека.
«Лукашэнка таксама працягвае падрываць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, падпарадкоўваючы краіну Расеі і супрацоўнічаючы зь незаконнай агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Ён жорстка перасьледуе беларусаў за антываенныя заявы і падтрымку Ўкраіны», — зазначыў Бурэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусы думаюць пра ваенныя мэты Расеі ва Ўкраіне: вынікі апытаньня Chatham House