Блінкен: ЗША асуджаюць рэжым Лукашэнкі за несправядлівае ўтрыманьне пад вартай больш за 1500 палітвязьняў

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у заяве напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасьці з палітвязьнямі, які беларускія дэмакратычныя сілы адзначаюць 21 траўня, асудзіў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі за несправядлівае ўтрыманьне пад вартай больш за 1500 палітвязьняў.

Як адзначаецца ў заяве кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЗША, «гэтыя мужчыны і жанчыны былі арыштаваныя і зьняволеныя за ажыцьцяўленьне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў дзеля ўсталяваньня дэмакратыі ў Беларусі, за пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў або за супраціўленьне вайне Расеі супраць Украіны».

У заяве Блінкена гаворыцца, што многія з судоў над палітвязьнямі праходзілі за зачыненымі дзьвярыма, а таксама, што іх сем’і, сябры, калегі «штодня жывуць думкамі пра тое, што іх блізкія пакутуюць у турме».

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен канстатуе, што апошнім часам улады Беларусі пайшлі на спыненьне любых кантактаў з вонкавым сьветам такіх палітвязьняў, як Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Алесь Бяляцкі і Ігар Лосік. «Іх семʼі і законныя прадстаўнікі на працягу некалькіх месяцаў не могуць зьвязацца зь імі або пацвердзіць, дзе яны ўтрымліваюцца».

«На жаль, імёны большасьці палітвязьняў малавядомыя», — гаворыцца ў заяве кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязьняў даводзяць да сьмерці». Як насамрэч можна дапамагчы палітвязьням

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адзначае, што «Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі, які імкнецца да будучыні, заснаванай на вяршэнстве закона, павазе правоў чалавека і падсправаздачным, дэмакратычна абраным урадзе. Мы яшчэ раз заяўляем пра сваё цьвёрдае жаданьне неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, якіх трымае за кратамі рэжым Лукашэнкі, і заклікаем Беларусь выканаць свае міжнародна-прававыя абавязацельствы, а таксама абавязацельствы дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ».

У заяве акцэнтуецца, што Злучаныя Штаты маюць намер садзейнічаць прыцягненьню да адказнасьці вінаватых у парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі ў тым ліку праз увядзеньне візавых абмежаваньняў і санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі расклад акцый салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі 19–21 траўня