Сёлета ўзнагароду атрымала паэтка Наста Кудасава за кнігу вершаў «Побач». Гэта ілюстраваны збор вершаў, які распавядае пра адзіноту і надзею, пра пошук сябе і радзімы ў шалёных варунках рэчаіснасьці.
Кнігу вершаў і малюнкаў «Побач» выдаў у Польшчы беларускі імпрынт Skarynyčy. Ілюстрацыі да яе зрабіла мастачка Сьвятлана Дземідовіч.
Сёлета шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес-2022» выглядаў наступным чынам:
- Зьміцер Бартосік. «Забіць упалмінзага». «Бібліятэка Свабоды»
- Максім Знак. «Зэкамэрон». Выдавецтва «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтар «Вясна»
- Наста Кудасава. Сьвятлана Дземідовіч. «Побач». «Цымбераў»
- Сяргей Лескець. «Шэпт». Выдавецкая каманда «Вільма»
- Антаніна Хатэнка. «Вербніца». Выдавецтва «Кнігазбор»
- Юля Цімафеева. «Воўчыя ягады». Выдавецтва «Вясна»
Пераможца прэміі Наста Кудасава адзначыла ў Фэйсбуку, што год выхаду на кнізе пазначаны 2023-м, але першая прэзэнтацыя кнігі прайшла ўвосень 2022 году на кніжнай выставе ў Варшаве — тады было надрукавана некалькі асобнікаў.
«За астатні наклад давялося пазмагацца, ён так і ня змог пабачыць сьвет у Беларусі, і ўрэшце кніга выйшла ў Польшчы, ужо ўвесну 2023 году, — патлумачыла паэтка і дадала: Што ж... Гэта для мяне сьведчыць толькі аб тым, што мы жывём у складаны час — і для выдаўцоў, і для пісьменьнікаў, і для чытачоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію «Гліняны Вялес» сёлета атрымаў Артур Клінаў за раман «Локісаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвясьцілі ляўрэата літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»