Расейская абаронная прамысловасьць і Мінабароны РФ працягваюць, нягледзячы на санкцыі, атрымліваць мікраэлектроніку і бесьпілётнікі праз казахстанскія кампаніі, высьветлілі журналісты «Важных историй», OCCRP і Der Spiegel.
Папулярныя ў войску РФ бесьпілётнікі кітайскай кампаніі DJI трапляюць у Расею праз маскоўскую кампанію «Нябесная мэханіка», высьветлілі расьсьледавальнікі. У сваю чаргу, дроны гэтай кампаніі пастаўляе фірма з Казахстана «Аспан арба», зарэгістраваная ў красавіку 2022 году. Яе заснавальнікам, як удакладнілі журналісты, зьяўляецца ўладальнік «Нябеснай мэханікі» Ілья Гольбэрг, а дырэктарам — Міхаіл Сапожнікаў, які раней быў саўладальнікам «Нябеснай мэханікі». Агулам «Аспан арба» адправіла свайму расейскаму контрагенту больш за 500 дронаў.
Акрамя «Нябеснай мэханікі», розную тэхніку з 2022 году ў «Аспан абара» куплялі: маскоўская абласная фэдэрацыя вэтэранаў узброеных канфліктаў «Рысь» (дроны DJI Mavic 2 агульным коштам каля 138 тысяч даляраў у красавіку 2022 года), камчацкая краёвая рада вэтэранаў вайны і працы (квадракоптар DJI Matrice 300 RTK за 34 тысячы даляраў у лютым), фонд «Будучыня Камчаткі» (дроны на 19 тысяч даляраў) і «Дыджэйай арс Масква» (кампанія купіла тавараў прыкладна на 6,3 млн даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: з пачатку вайны ва Ўкраіне Кітай экспартаваў у Расею бесьпілётнікаў на суму больш за $12 млнТаксама, паводле зьвестак расьсьледавальнікаў, схему паставак праз Казахстан выкарыстоўвае расейская фірма «Стэк», якая імпартуе камплектуючыя для вытворчасьці электронікі для ФСБ, расейскай выведкі і Мінабароны РФ. Пастаўшчык кампаніі «Стэк» — казахстанская фірма Da Group 22. У сваю чаргу, казахстанская кампанія набывае дроны ў нямецкай кампаніі Elix-st. Журналісты высьветлілі, што казахстанскай і нямецкай фірмамі валодае нейкая сям’я расейскіх бізнэсоўцаў Чэрнет.
«Elix-St адправіла Da Group у Казахстан камплектуючых больш як на 800 тысяч даляраў, уключаючы прадукцыю такіх вытворцаў, як Analog Devices, Infineon, Texas Instruments, STMicroelectronics, якія сьцьвярджаюць, што больш не супрацоўнічаюць з Расеяй. Da Group, у сваю чаргу, Адпраўляе камплектуючыя ў Расею, у асноўным кампаніі «Стэк», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.
У Elix-st пацьвердзілі адпраўку электронных кампанэнтаў Da Group, аднак у кампаніі сьцьвярджаюць, што яны былі прызначаны «для відэарэгістратараў».
Журналісты, прааналізаваўшы дадзеныя Бюро нацыянальнай статыстыкі Казахстана, падлічылі, што абʼём паставак мікрасхем з Казахстана ў 2022 годзе дасягнуў 18 мільёнаў даляраў, а дронаў — 1,23 млн даляраў. Пры гэтым, як удакладнілі расьсьледавальнікі, да лютага 2022 года, Расея, верагодна, зусім не купляла дроны ў Казахстане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дроны DJI і Autel сталі недаступныя на AliExpress для карыстальнікаў зь БеларусіПасьля пачатку расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ЗША і іншыя краіны ўвялі меры экспартнага кантролю, каб абмежаваць доступ Расеі да тэхналёгіяў і іншых рэсурсаў, якія могуць падтрымліваць яе абаронна-прамысловы комплекс. Датычным да закупак перадавой заходняй электронікі і абсталяваньня для ваенна-прамысловага комплексу Расеі ўлады ЗША прадʼяўляюць абвінавачаньні і заключаюць пад арышт.