Расея адзінаццаты раз з пачатку траўня атакавала Кіеў дронамі. Усе знойдзеныя бесьпілётнікі зьбітыя, ніхто не пацярпеў, паведамілі кіеўскія ўлады.
Паводле зьвестак Паветраных сіл Украіны, Расея выпусьціла па Кіеве 18 дронаў Shahed-136/131. Пашкоджаньні з прычыны абломкаў бесьпілётнікаў, якія ўпалі, зафіксавалі ў некалькіх раёнах украінскай сталіцы. Сярод іх — пажар на даху шматпавярховага дома, пашкоджаньні тэхнічнага будынка, аўтамабіляў і дарожнага пакрыцьця.
Апроч Кіева, ноччу паветраная трывога гучала ў Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях. На думку мясцовых уладаў, Расея спрабуе нанесьці ўдары па ключавых аб’ектах, зьнясіліць рэсурсы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны і трымаць жыхароў «у глыбокай псыхалягічнай напрузе».
Падчас ранішняга расейскага абстрэлу Берыслава Херсонскай вобласьці снарад патрапіў у прыватную хату — загінулі двое людзей. У Кіндзейцы пад Херсонам у выніку ўдару пацярпеў мясцовы жыхар, яго шпіталізавалі, паведаміла рэгіянальная пракуратура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ў ноч на 18 траўня ў некалькі хваляў зноў атакавала Ўкраіну. Амаль усе ракеты зьбіліРасея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Да сярэдзіны траўня 2023 года ААН пацьвердзіла гібель у выніку баявых дзеяньняў сама меней 8836 мірных жыхароў, яшчэ сама меней 14 985 атрымалі раненьні. У ААН падкрэсьліваюць, што гэтыя зьвесткі няпоўныя і рэальныя лічбы загінулых і параненых могуць быць значна вышэй.