Дата дня
20 траўня 1954 году ў Мюнхэне пачала вяшчаньне беларуская сэкцыя Радыё Вызваленьне (цяпер беларуская служба Радыё Свабода). Першую беларускамоўную перадачу падрыхтавалі Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пятро Сыч, Сымон Кандыбовіч, Янка Ліманоўскі, Лявон Карась.
Жывая гісторыя: 70 гадоў Беларускай службы Радыё Свабода
20 траўня 1954 году пачаліся беларускамоўныя перадачы Радыё Вызваленьне (пазьней — Радыё Свабода). Сёлета мы адзначаем 70-годзьдзе Беларускай службы і прапануем вам нізку гістарычных матэрыялаў.
«Гаворыць Радыё Вызваленьне...»
Гэта рэпрынтнае выданьне першага зборніка радыёперадач «з вольнага сьвету для суродзічаў», які «стараньнем Беларускае Рэдакцыі Радыя Вызваленьне» выйшаў у Мюнхэне у 1956 годзе.
«Птушкі пералётныя». Успаміны вэтэрана Радыё Свабода Галіны Руднік
Больш як сорак гадоў Галіна Руднік (1930–2017) аддала працы на Радыё Свабода. Сюды, у беларускую рэдакцыю яе рэкамэндаваў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Працавала яна і для ўкраінскай, і для рускай рэдакцый, адышоўшы на пэнсію у 1995 годзе. У 2011 годзе Свабода апублікавала ўспаміны Галіны Руднік.
«На хвалі Свабоды»
Цыкль перадачаў «На хвалі Свабоды» Сяргея Шупы, прысьвечаных гісторыі Радыё Свабода (1954–2013), якія гучалі на нашых хвалях у 2003, 2004, 2009 і 2014 гадах.
«Свабода бяз радыё: больш Свабоды»
30 красавіка 2019 году на сярэдняхвалевай частаце 1386 кГц апошні раз прагучаў наш сыгнал. Радыё Свабода пасьля амаль 65 гадоў штодзённага этэру канчаткова пакінула радыёхвалі.
І на закуску: рок-гіт ад гурту Ulis
У 1990 годзе паэт Фэлікс Аксёнцаў і лідэра гурта Ulis Вячаслаў Корань напісалі песьню «Радыё Свабода», якая ад часу свайго стварэньня стала гітом і гімнам пакаленьня.
Таксама ў гэты дзень
1902 — Куба здабыла незалежнасьць ад Гішпаніі.
1962 — пачаў курсаваць гомельскі тралейбус.
1983 — упершыню апублікавалі інфармацыю пра вірус імунадэфіцыту чалавека. Артыкул у часопісе Science падрыхтавалі Робэрт Гало і Люк Мантанье.
2002 — Усходні Тымор здабыў незалежнасьць ад Інданэзіі.
2019 — Інаўгурацыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
У гэты дзень нарадзіліся
1902 — Язэп Пушча, паэт, вязень ГУЛАГ
1923 — Васіль Ракашэвіч, удзельнік антысавецкага падпольля.
1944 — Джо Кокер, ангельскі сьпявак.
1946 — Шэр, амэрыканская акторка і сьпявачка.
1962 — Аляксандар Дзядзюшка, беларускі і расейскі актор тэатру і кіно.
1985 — Ганна Ўланава, літаратарка, сьпявачка, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.
1992 — Ігар Лосік, блогер і журналіст Радыё Свабода. 14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці. За кратамі з 25 чэрвеня 2020 году.
У памяці
1506 — Хрыстафор Калюмб, першаадкрывальнік Амэрыкі.
1918 — Карусь Каганец, беларускі пісьменьнік, перакладчык, мастак і палітык.
2006 — Уладзімер Плешчанка, інжынэр, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
2009 — Алег Янкоўскі, расейскі актор беларускага паходжаньня.