Ва Ўкраіне правялі канфэрэнцыю пра сваіх арганізатараў і ўдзельнікаў антыімпэрскага паўстаньня 1863–1864 гадоў

Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстаньня 1863–64 гадоў. Вільня, 22 лістапада 2019 году

У Кіеве адбылася навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная ўкраінскаму вымярэньню антыімпэрскага паўстаньня 1863–1864 гадоў, якое ў Беларусі называюць паўстаньнем Кастуся Каліноўскага, а ў Польшчы — Студзеньскім паўстаньнем.

Навуковую дыскусію, якую арганізавалі Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці, Польскі інстытут у Кіеве і шэраг навучальных і акадэмічных навуковых устаноў Украіны, прымеркавалі да 160-х угодкаў паўстаньня, якое адбылося на цяперашніх тэрыторыях Беларусі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны.

Прадстаўнік Польскага інстытуту ў Кіеве Роберт Чыжэўскі мяркуе, што перапахаваньне Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў, якое адбылося ў літоўскай сталіцы Вільні ў 2019 годзе пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, істотна зьмяняе кірункі дасьледаваньняў гэтага часу.

Роберт Чыжэўскі

«Рызыкоўна, але можна сказаць, што гэтае перапахаваньне стала моцным натхненьнем пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Беларусі празь некалькі месяцаў. Прысутнасьць на падзеі прэзыдэнтаў Польшчы і Літвы зрабіла падзею палітычнай і культурнай асновай для польска-літоўскага збліжэньня», — сказаў Роберт Чыжэўскі.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што на сьцягах былі фрагмэнты, якія аб’ядноўваюць сымбалі Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны.

«Гэта прымушае паставіць пытаньне пра ўкраінскае значэньне паўстанцкай спадчыны. Ня толькі гісторыя, але, мабыць і сучасныя выклікі прымушаюць нас шукаць тое, што ў мінулым аб’яднала краіны ў прасторы, якая завецца Міжмор’е», — мяркуе прадстаўнік Польскага інстытуту ў Кіеве.

Робэрт Чыжэўскі нагадаў, што адзін з польскіх паўстанцаў Зыгмунт Серакоўскі нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняй украінскай Валыні, сябраваў з Тарасам Шаўчэнкам і называў сябе «ўкраінцам з правага берагу Дняпра».

Ігар Станкевіч

Прадстаўнік Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Ігар Станкевіч расказаў пра двух удзельнікаў паўстаньня ўкраінскага паходжаньня — Мечыслава Караля Каменскага і Ігната Будзіловіча, але нагадаў, што для ўдзельнікаў паўстаньня Каліноўскага клічам былі словы: «Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна!».

У той жа час украінскія дасьледчыкі паўстаньня 1863–1864 году адзначалі, што гэты супраціў не падтрымалі ўкраінскія сяляне, а толькі асобныя прадстаўнікі шляхты.

«Тыя, хто кажа пра адзінкавыя прыклады ўдзелу ўкраінцаў у Студзеньскім паўстаньні, мусяць запытаць сябе — а чаму не было сотняў і тысячаў людзей, якія падтрымалі гэты лёзунг „За нашу і вашу свабоду“? Урэшце, наколькі гэтыя асобы адчувалі сябе ўкраінцамі, а наколькі — маларосамі? Наколькі яны былі гатовыя адстойваць фэдэрацыю, пра якую ўрэшце самі паўстанцы гаварылі? Трэба гаварыць пра тое, як ацэньваў паўстаньне [Міхайла] Драгаманаў (украінскі навуковец, заснавальнік украінскага сацыялізму) і як да яго ставіліся кіраўнікі ўкраінскага сацыялістычнага руху», — сказаў Багдан Гудзь, доктар гістарычных навук з Львоўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Багдан Гудзь

Гісторык падаў цытату Яраслава Дамброўскага (ён таксама нарадзіўся на цяперашняй тэрыторыі Ўкраіны, але лічыцца польскім рэвалюцыянэрам; кіраваў паўстаньнем з турмы. — РС) зь ягонага закліку з эміграцыі, у якім той не зусім хвалебна ацаніў паўстаньне:

«Апошняе паўстаньне стала для нас паказьнікам, як мы мусім рабіць у будучым, паказала на неабходнасьць пашырыць нашы паняцьці за межы эгаістычнага, а значыць, і няправільна асэнсаванага патрыятызму, а таксама на неабходнасьць абапірацца ў нашых дзеяньнях на павагу правоў чалавека і прызнаньня правоў іншых народаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі не згадаў беларусаў у віншаваньні з угодкамі пачатку паўстаньня Каліноўскага. Рада БНР адрэагавала

Сёлета ў Варшаве (Польшча) на сьвяткаваньні 160-годзьдзя паўстаньня зачыталі віншаваньне прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, у якім ня згадвалася пра беларусаў.

«Сёньня мы адзначаем важную падзею ў гісторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы... 160 гадоў таму нашыя народы аб’ядналі свае сілы і сталі плячо ў плячо супраць расейскага імпэрыялізму і тыраніі», — гаварылася ў віншавальным лісьце Ўладзіміра Зяленскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па-чалавечы мне гэта непрыемна». Намесьнік камандзіра «каліноўцаў» пракамэнтаваў Зяленскага