Пра чацьвёртае раненьне Ўрбановіча стала вядома 18 траўня. 19 траўня Дзяніс з дапамогай некалькіх допісаў праз тэлефон паразмаўляў са Свабодай, ад працяглай гутаркі адмовіўся па стане здароўя.
«У мяне кантузія вачэй, чэрапна-мазгавая траўма і пашкоджаньне калена. Цяпер у шпіталі. Але псыхалягічна мне цяжка — мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах, а я нічога ня мог зрабіць. Быў моцны бой», — напісаў Дзяніс Урбановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага расказаў падрабязнасьці бою за Бахмут, у якім загінуў камандзір групыПра баі ў Бахмуце даходзіць супярэчлівая інфармацыя. Паводле зьвестак украінскіх афіцыйных крыніц, вайскоўцы УСУ прасунуліся наперад на поўначы і поўдні ад гораду, а расейскія войскі нясуць вялікія страты.
Расейскія крыніцы заяўляюць, што рэгулярныя часткі арміі РФ і падразьделы ПВК «Вагнэр» працягваюць наступ з мэтай завалодаць усім горадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы гінуць, але атакуюць». Беларускі добраахвотнік расказаў, што цяпер адбываецца ў БахмуцеУ пачатку траўня Дзяніс Урбановіч расказваў Радыё Свабода, што баі за Бахмут не сьціхаюць; да расейскай артылерыі, якая працягвае зьнішчаць горад, далучылася і авіяцыя, абодва варагуючыя бакі нясуць страты, але «страты расейцаў значна большыя».
Што вядома пра бой у Бахмуце
Падчас бою ў Бахмуце загтінуў камандзір групы беларускіх добраахвотнікаў. Чацьвёра добраахвотнікаў палка Каліноўскага засталіся пад заваламі. Забраць байцоў праз шчыльны агонь і абвал будынка няма магчымасьці.
«Ваяры ПК і батальёна „Волат“ утрымлівалі пазыцыі ў Бахмуце. Хлопцы адбівалі штурм акупантаў і вялі стралковы бой. Па доме, у якім знаходзілася наша група, адпрацавала ствольная буйнакалібэрная артылерыя ворага, адбыўся абвал будынка, частка нашых байцоў апынулася пад заваламі, другая група разам з мэдыкамі высунулася для эвакуацыі і аказаньня дапамогі», — паведаміла прэс-сакртарка палка Каліноўскага Крысьціна «Чабор».
Паводле яе, загінуў камандзір групы, а чацьвёра каліноўцаў засталіся пад заваламі, магчымасьці іх эвакуаваць не было.
«У момант эвакуацыі і прыкрыцьця адыходу групы загінуў камандзір групы, ён ахвяраваў сваім жыцьцём дзеля эвакуацыі параненых. Пазьней была адпраўлена трэцяя група для разбору завалаў і эвакуацыі целаў загінулых. У сувязі са шчыльным агнём і працягам артылерыйскага абстрэлу будынак быў цалкам разбураны. Баі працягваюццца, магчымасьці забраць целы герояў палка ў дадзены момант няма», — паведамілі ў ПК.
Раней таксама стала вядома, што яшчэ некалькі байцоў атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці, цяпер іхнаму жыцьцю нічога не пагражае.
Асобы ваяроў і падрабязнасьці апэрацыі ў палку пакуль не раскрываюць у мэтах бясьпекі.
На сёньня вядома пра больш за 20 беларусаў, якія загінулі пасьля лютага 2022-га, баронячы Ўкраіну.
Баі за Бахмут працягваюцца ўжо 9 месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых пунктаў на фронце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Батальён «Волат» палку Каліноўскага панёс страты ў баях пад Бахмутам