У менскім аэрапорце сілавікі затрымалі пасажырку, якая вярталася ў Беларусь з адпачынку ў Эгіпце, паведаміла крыніца «Мэдыязоны». Дзе зараз знаходзіцца затрыманая дзяўчына і ў якім яна статусе — невядома.
Самалёт з Шарм-эль-Шэйху прызямліўся каля паўночы ў нацыянальным аэрапорце «Мінск». На пашпартным кантролі ў некалькіх пасажыраў узьніклі праблемы. Падчас праверкі ў іх забралі дакумэнты і пасадзілі перад будкай памежнага кантролю.
У адной зь дзяўчат, спыненых на пашпартным кантролі, праверылі тэлефон, правялі зь ёй гутарку. Празь дзьве гадзіны яе адпусьцілі.
Яшчэ адна пасажырка пакінула аэрапорт у суправаджэньні двух сілавікоў. Па словах крыніцы, супрацоўнікі адказалі яе хлопцу, што забіраюць яе «на пагаварыць».
Пазьней высьветлілася, што на гугл-дыску ў тэлефоне дзяўчыны знайшлі фатаграфіі з жаночых маршаў, і таму яе пакінулі ў міліцыі да раніцы. Вядома, што ў 2020 годзе беларуску затрымлівалі падчас пратэстаў, суд прызначыў ёй штраф па артыкуле 23.34 КаАП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У варшаўскім аэрапорце зьявілася беларуская дзяржаўная сымболіка: здымаюць фільм пра Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гадзіны ў чэргах, праверкі тэлефонаў, фіксацыя на камэру. Сьведкі расказалі, што адбываецца на беларуска-расейскай мяжы