Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, санкцыі ў дачыненьні да краіны-агрэсара, Расеі і яе саюзьнікаў, а таксама пытаньні, якія тычацца эканамічнай і гуманітарнай дапамогі Кіеву, стануць цэнтральнымі тэмамі на парадку дня саміту лідэраў краін «Вялікай сямёркі», які пройдзе ў чацьвер у Японіі. Дарадца Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван сказаў пра гэта 17 траўня падчас размовы з журналістамі. Яго цытуе «Голас Амэрыкі».
У чацьвер прэзыдэнт Джо Байдэн прыбудзе ў Хірасіму, якую прымаючы бок выбраў у якасьці пляцоўкі для правядзеньня саміту. Пасьля двухбаковых перамоваў зь японскім прэм’ер-міністрам Фуміё Кісідам прэзыдэнт ЗША возьме ўдзел у сустрэчы зь лідэрамі найбуйнейшых заходніх эканомік. І галоўнай тэмай для абмеркаваньня стане, па словах Салівана, «відавочна, вайна ва Ўкраіне».
«Уварваньне Расеі ва Ўкраіну набывае пагрозьлівыя маштабы і стане важнай тэмай для размовы. Будуць дыскусіі наконт стану спраў на полі бою. Будуць дыскусіі аб стане спраў з санкцыямі і аб кроках, якія G7 калектыўна будзе браць на сябе ў дачыненьні да правапрымяненьня, у прыватнасьці надзейна... закрываючы шчыліны ў санкцыях для ўзмацненьня іх уплыву ў найбліжэйшыя месяцы», — заявіў Саліван, дадаўшы, што Вашынгтон увядзе новы санкцыйны пакет, «зьвязаны з рашэньнямі, прынятымі на саміце G7, з упорам на пытаньні правапрымяненьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША выдзеляць Украіне яшчэ 1,2 мільярда даляраў на супрацьпаветраную абаронуЛідэры «Вялікай сямёркі» таксама абмяркуюць аднаўленьне Ўкраіны пасьля завяршэньня вайны, эканамічную і гуманітарную падтрымку Ўкраіны і «стварэньне адпаведных умоў для дасягненьня прагрэсу на полі бою» для «прагрэсу на магчымых перамовах». Саліван падкрэсьліў, што перамовы пачнуцца толькі «калі Ўкраіна будзе гатова гэта зрабіць».
Дарадца Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы ўсумніўся ў тым, што на саміце прымуць рашэньне аб увядзеньні поўнай забароны на экспарт любых тавараў у Расею. Ён заявіў, што лідэры, хутчэй за ўсё, будуць абмяркоўваць ня новыя санкцыі, а выкананьне ўжо ўведзеных абмежаваньняў і барацьбу з ухіленьнем ад іх. Акрамя таго, паводле яго, размова зойдзе і пра расейскія актывы. Саліван ня стаў удавацца ў падрабязнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны штаб Украіны паведаміў, што Расея страціла на вайне 200 тысяч вайскоўцаў