Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў кулюарах саміту Рады Эўропы ў Рэйкьявіку правяла перамовы з прэм’ерам Партугаліі Антоніў Коштам.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, асноўнай тэмай размовы былі калійныя ўгнаеньні і іх экспарт у трэція краіны.
Ціханоўская падкрэсьліла, што нельга зьмякчаць санкцыі ў дачыненьні да калійных угнаеньняў зь Беларусі, бо гэта ня вырашыць праблемы харчовага крызісу, але прывядзе да яшчэ большай беспакаранасьці рэжыму. Яна прапанавала шукаць іншае вырашэньне, у тым ліку праз далучэньне вытворцаў калійных угнаеньняў зь іншых краінаў.
Таксама Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком партугальскага ўраду ўмовы працы беларускага бізнэсу і прадстаўнікоў IT-сэктару, які рэлякаваўся ў Партугалію. Прэмʼер Кошта запрасіў Ціханоўскую ўвосень наведаць зь візытам Лісабон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы расказаў аб пэрспэктывах санкцый супраць беларускага калію- Паводле зьвестак шэрагу палітыкаў і экспэртаў, Партугалія — адна з тых краінаў ЭЗ, якія выступаюць за зьмякчэньне санкцыяў адносна экспарту беларускіх калійных угнаеньняў. На думку Лісабону, існыя абмежаваньні на экспарт беларускіх угнаеньняў адмоўна ўплываюць на сытуацыю з харчаваньнем у бедных краінах сьвету.
- Паведамляецца, што дыскусіі наконт санкцыяў адносна экспарту беларускіх угнаеньняў Беларусі — адна з галоўных прычынаў, паводле якіх Эўразьвяз з пачатку 2023 году дасюль не прыняў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі.