На саміце Рады Эўропы кіраўнік нямецкага ўраду Оляф Шольц выказаўся за тое, каб не разбураць масты з прадстаўнікамі «іншай Расеі і іншай Беларусі» — з тымі, хто выступае супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, паведамляе DW.
Падчас саміту, у якім бяруць удзел больш за 30 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў з 46 краінаў-удзельніц, Оляф Шольц заявіў, што Ўкраіна будзе мець падтрымку, пакуль ня ўдасца дасягнуць справядлівага міру.
«І да таго часу мы, Рада Эўропы, павінны падтрымліваць масты з прадстаўнікамі іншай Расеі, іншай Беларусі і тым самым захоўваць магчымасьць дэмакратычнай, мірнай будучыні для абедзьвюх краінаў, якой бы малаімавернай яна ні здавалася нам сёньня», — падкрэсьліў Шольц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце Рады Эўропы падпісалі дэклярацыю аб стварэньні «рэестра шкоды», нанесенай Украіне агрэсіяй РасеіУ той жа час кіраўнік нямецкага ўраду заклікаў да пасьлядоўнага пакараньня за расейскія ваенныя злачынствы ва Ўкраіне. Садзейнічаць гэтаму, паводле Шольца, павінен створаны ў рамках саміту Рады Эўропы міжнародны рэестар стратаў, панесеных Украінай у выніку вайны.
Паводле Шольца, у нейкі момант вайна Расеі супраць Украіны скончыцца, і «адно можна сказаць напэўна — гэта ня скончыцца перамогай пуцінскага імпэрыялізму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з прэзыдэнтам ПАРЭ дапамогу беларускім уцекачам і трыбунал для ЛукашэнкіСаміт лідэраў 46 дзяржаў — чальцоў Рады Эўропы пачаўся 16 траўня ў сталіцы Ісьляндыі Рэйк’явіку. Галоўная мэта сустрэчы — абмеркаваньне сытуацыі, якая склалася на кантынэнце ў выніку расейскай агрэсіі супраць Украіны. У рамках саміту ўжо было абвешчана аб стварэньні рэестру стратаў Украіны ад агрэсіі РФ. Акрамя таго, Вялікая Брытанія і Нідэрлянды дамовіліся стварыць кааліцыю дзеля закупу баявых самалётаў F-16 для Кіева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры эўрапейскія краіны стварылі кааліцыю, каб закупіць самалёты F-16 для ЎкраіныНа саміт запрасілі і дэмакратычную лідэрку Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую. Беларусь не ўваходзіць у гэтую арганізацыю, але кіраўніцтва Рады Эўропы вырашыла зрабіць выключэньне і запрасіць Ціханоўскую як адмысловую госьцю.
14 траўня, падчас візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Нямеччыну, канцлер Шольц заявіў: «Пуцін мяркуе, што Ўкраіна і Беларусь павінны стаць часткамі Расеі. І напад на Ўкраіну — гэта частка імпэрыялістычнай канцэпцыі. Гэта сьвет добра зразумеў».